- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Помніць сябе пачынаю пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе. Заходзіць сонца. Мама кажа страшную казку. Калі бацька прыходзіў з працы ці прыязджаў з руму, я любіў расперазаць яго, каб з запазухі выпаў ці абаранак, ці акрайчык, што перадаў зайчык. ...Пераезд у Вушачу помню дужа смутна. На кані паклажа і я. Чамусьць цяжка было перавезці з хутара ката. Яго, як ваўка таго, у лес, у хмыз цягнула. У Вушачы, нешта ўроілася мне, сядзеў на бальшаку і еў кашу. Нейкая цётка папрасіла пакаштаваць, плакаў, не хацеў даць. Зверху мама дадала жалю розгай за скупасць. Бацька мяне не біў. Толькі калі я пачынаў хадзіць на галаве, пытаўся: "А дзе мой чорненькі?" Гэта значыць, раменьчык. І гэтага запытання хапала. ...Пачыналася вайна. Савецкая ўлада ўцякала. Безуладдзе. Вусціш. Чуў, як пошаптам мама з бацькам казалі: у ляску пры дарозе на Арэхаўна расстрэльвалі палякаў. Мужчын, жанчын, старых, дзяцей. (Гэта рука дапамогі прасавечаных братоў паняволеным братам Заходняй Беларусі. Ачышчалі турмы сталінскія малойчыкі). Пачатак вайны запомніўся так. Наляцеў самалёт. Мы з бацькам беглі па жыце, жыта нават мяне не магло схаваць. Дабеглі да зямлянкі. ...Баба Малання, маміна мама, была уніяткай, малілася па-беларуску. Мама дужа добра шыла. Прапаноўвалі ісці ў арцель. Не пайшла. Гаспадарка, хай і невялікая, патрабавала шмат увагі. Дый за сынам трэба было прыглядаць, каб ад рук не адбіўся. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню. Да апошняга была мама рупніцай. Па-латышску rupnica - фабрыка, завод. Чаму латышскую мову згадаў? Бацька мамін быў латыш. Рыжанін Галвіньш - механік па млынах. ...У школе былі настаўнікі розныя. Адны ведалі тое, што выкладалі, другія не ведалі. Адных мы любілі, другіх не любілі. Нямецкую мову мы вывучалі з трэцяга класа. Першая настаўніца няйначай па начах сама вучыла літары лацінкі, бо слова Deutsch чытала як деутш. На шчасце, неўзабаве прыйшла Пелагея Філімонаўна Харчанка, якая ў свой час скончыла гімназію. ...Успамінаць можна шмат чаго. Але большае забылася, а меншае засталося. Большая частка жыцця пражыта. Засталася меншая. А над малым дзіцем болей дрыжаць. Але як ні дрыжы, колькі Бог дасць яшчэ пражыць, столькі і пражывеш. Бог - бацька. Пішу гэтыя радкі ў мамінай хаце 30 жніўня. Здаецца, у гэты ж дзень у 1954 годзе ехаў я ў Мінск па веды. І даведаўся, што толькі дома я дома. На таку майго веку зярняты дзён былі добрыя. Самым чыстым зернем, самым адборным засталіся маміны словы. З іх хлеб для душы мае...
1995
P. S. Поўны варыянт успамінаў "На таку веку майго" гл. у ІV томе Збору твораў Рыгора Барадуліна. - Мінск, "Мастацкая літаратура", 2002, с. 84 – 141.
Фота: Вадзім Грудзько p>
Дзясяты том (выпуск) "Дзённікаў і запісаў" ахоплівае 2003–2006 гг. жыцця народнага паэта Р. Барадуліна. Яны змяшчаюць запісы пра паездкі ў Рым, дзе адбылася сустрэча паэта з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, у Вільнюс, Прагу, Беласток, а таксама па гарадах Беларусі. Запісы пра горкія страты і творчыя набыткі:... Болей »
Адзінаццаты том (выпуск) завяршае друкаванне "Дзённікаў і запісаў" народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якія ён распачаў у далёкім 1951 г. Том дзённікавых запісаў дапоўнены самымі нечаканымі падборкамі, якія яскрава падсвечваюць разнастайнасць і шматбаковасць творчай спадчыны Паэта.... Болей »
Што агульнага ў генія беларускай літаратуры шаноўнага дзядзькі Рыгора, маладога таленавітага мастака Міхася Дайлідава, простай укладальніцы цёткі Аксаны з вамі, дарагія чытачы і чытачкі ў веку ад 0 да Вечнасці? Вядома ж, любоў да катоў, якія ўпрыгожваюць свет, але найперш нашу Беларусь. У чорна-белых... Болей »
Сёмы том (выпуск) “Дзённікаў і запісаў. 1994–1995” Рыгора Барадуліна раскрывае напружанае грамадскае і, галоўнае, апантанае творчае жыццё народнага паэта, яго адносіны да рэаліяў новага часу, чалавечых адносін, мінулага краіны і жаданай будучыні. У кнізе змешчана больш за 200 вершаў, якія не друкаваліся... Болей »
Восьмы том (выпуск) дзённікаў народнага паэта Рыгора Барадуліна ахоплівае 1996–1997 гады ягонага жыцця — асабістага, грамадскага і творчага. Паездкі за мяжу і па Беларусі, удзел у здымках дакументальных фільмаў, пераклады п’ес, вершаў паэтаў розных краін, заглыбленне ў новыя тэмы — творчая праца безупынку... Болей »
Дзявяты том (выпуск) працягвае друкаванне дзённікаў народнага паэта Беларусі. 1998–2002 гады — гады насычанай працы паэта. Ім напісаны глыбока духоўныя цыклы вершаў, цікавыя ўспаміны пра літаратараў, нізкі вясёлага гумару, сцэнары дакументальных фільмаў, перакладзены п’есы для тэатраў, паэмы, шматлікія... Болей »
Чарговы том (выпуск) «Дзённікаў і запісаў. 1992–1993» народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна раскажа чытачам пра напружанае грамадскае жыццё творцы, новыя тэмы і накірункі ягонай паэзіі. У кнізе змешчаны болей за сто недрукаваных раней вершаў, накідаў, сяброўскіх эпіграм, віншаванняў і прысвячэнняў.... Болей »
Пяты выпуск “Дзённікаў і запісаў. 1989–1991” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна яскрава адлюстраваў новы час нашай гісторыі — перабудова, дэмакратыя, галоснасць, а за імі нечаканае знікненне СССР і нарэшце — незалежнасць Беларусі і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза. Адбыліся паездкі паэта... Болей »
Новае выданне вядомай азбукі «Вясёлы вулей» Рыгора Барадуліна з яскравымі малюнкамі Лізаветы Лянкевіч, студэнткі слыннага мастака Паўла Татарнікава. Шырокафарматная, калярова-ілюстраваная дзіцячая кніга ў цвёрдай вокладцы! Цудоўныя малюнкі Лізаветы Лянкевіч, найвыдатныя вершыкі Рыгора Барадуліна і суперпаліграфія!... Болей »
Чацвёрты выпуск “Дзённікаў і запісаў” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ахоплівае 1983–1988 гады і адметны нататкамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна адметны нататкамі пра яго ўдзел у працы ХХХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР і пра паездку ў далёкія і загадкавыя... Болей »