be

Пра нас

Камунікат – бібліятэка для ўсіх беларусаў!

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org – гэта найбуйнейшая беларуская on-line бібліятэка ў сьвеце. У нашых рэсурсах сабрана ўжо больш за 55 000 розных беларускіх публікацый (кнігі, аўдыёкнігі, газэты, часопісы, відэа і іншае). Кіруемся прынцыпам: сабраць у адным месцы тое, што выдадзена па-беларуску альбо пра Беларусь на іншых мовах. Шмат якія кнігі мы маем у фармаце ePub ці mobi, зручным для выкарыстаньня ў электронных чыталках.

Наша мэта – зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай і больш даступнай для беларусаў.

Aдлічбоўваем архіўныя нумары беларускай прэсы: той, якая выходзіла ў самой Беларусі і ў эміграцыі (Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя, ЗША, Канада) або выдавалася беларускай этнічнай меншасьцю ў Польшчы ці ў Літве. Гэтыя пэрыядычныя выданьні публікуюцца на сайце Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі ў рубрыцы Перыёдыка.

Запісваем аўдыёкнігі сучасных беларускіх аўтараў. Сярод кніг, якія мы агучылі ў супрацоўніцтве зь Міжнародным Саюзам Беларускіх Пісьменьнікаў разам зь беларускімі акторамі Купалаўскага тэатру (Свабоднымі купалаўцамі), ёсьць і "Галасы Утопіі" Сьвятланы Алексіевіч – пяцікніжжа, за якое яна, першая ў гісторыі беларуска, атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Агучаныя таксама кнігі Ларысы Геніюш, Уладзіміра Арлова, Андрэя Федарэнкі, Барыса Пятровіча, Алеся Аркуша, Артура Клінава, Валеры Гапеева і іншых сучасных беларускіх аўтараў. Зусім бясплатна іх можна паглядзець і паслухаць на нашым YouTube-канале, на які вельмі рэкамэндуем падпісацца.

З 2021 году вядзем таксама выдавецкую дзейнасьць. Мы выдалі ўжо больш за 20 друкаваных кніг, якія распаўсюджваюцца ў асноўным на кніжных кірмашах падчас розных імпрэзаў беларускай дыяспары, на аўтарскіх сустрэчах, а таксама празь інтэрнэт. Сярод нашых аўтараў самыя папулярныя сучасныя беларускія літаратары: Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Валянціна Аксак, Ганна Янкута, Алег Мінкін і ішныя.. Мы выдалі таксама грунтоўную манумэнтальную кнігу «(Не)расстраляныя» – пра беларускіх літаратараў, расстраляных савецкімі катамі ў 1937 годзе.

Нас можна сустрэць на найважнейшых кніжных кірмашах у Польшчы і Літве. Прэзэнтацыі нашых выданьняў і сустрэчы з аўтарамі праводзіліся дагэтуль ў Польшчы, Літве, Нямеччыне і Італіі. Такія імпрэзы, дзе б яны ні праходзілі, заўсёды нагода для сустрэчаў зь беларускай дыяспарай, з тымі беларусамі, якія не па сваёй волі пакінулі Бацькаўшчыну.

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org