- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Коласава паэма «Сымон Музыка» канчальна ўвайшла ў нашую літаратуру й крытыку ў тэксьце, выданым упяршыню ў Менску ў 1925 г., а далей бяз прынцыповых зьменаў перавыдаваным у Вільні, у Празе, нарэшце ў тымжа Менску (у 1946—1952 г. г.) і цяпер — на эміграцыі ў выдавецтве «Бацькаўшчыны». I мала хто ведае сяньня, што тэкст гэты становіць сабою грунтоўна перапрацаваную рэдакцьпо твору, які ў сваёй першай рэдакцыі пісаўся аўтарам на працягу ад 1911 да 1919 г., а друкаваўся на працягу ад 1917 да 1921 г. I яшчэ менш сяньня такіх, што знаёмыя з гэнай першапачатнай рэдакцыяй твору, якую цяжка й знайсьці ў поўным выглядзе цяпер, асабліва на эміграцыі. Тымжа часам, абедзьве рэдакцыі твору нагэтулькі адрозныя, што іх можна былоб уважаць нат за два творы, як уважаюцца ў нас, прыкладам, за два творы дзьве рэдакцыі ведамага Багдановічавага вершу «Слуцкія ткальлі». Мала таго, супастава гэтых дзьвюх рэдакцыяў у іхнай адрознасьці ды выясьненьне абставінаў паўстаньня іх — выясьненьне творчае гісторыі паэмы — як нельга лепш памагае зразумець гэты, адзін з найвыдатнейшых твораў нашае літаратуры, ува ўсёй ягонай велічы й глыбіні, ува ўсім ягоным неперахаджальным значаньні. Падаць хоць галоўныя мамэнты гэткага выясьненьня — задача гэтае абеглае зацемкі. (Да творчае гісторыі „Сымона Музыні", фрагмэнт)