- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хрыстус нарадзіўся! Глёрыя! Яшчэ гучаць у касьцёлах калядкі, стаяць стаенкі, нагадваючы нам пра цуда, якое паўтараецца што-год, аднак якога з кожным годам чакаеш усё больш і больш. Цуда гэтае - Божае Нараджэньне. Гледзячы на тое, як упрыгожаныя нашыя дамы і вуліцы гораду, на ялінку і ясьлі ў касьцёле, дзе ляжыць маленькі Езус, нібы замірае нашае сэрца. Перад прыгажосьцю, перад вечнасьцю, перад Богам. Жыцьцё нібы пачынаецца наноў: велізарныя пляны на надыходзячы год, жаданьне штосьці зьмяніць у сваім жыцьці. Сэрца напаўняецца ўпэўненасьцю, што ўсё атрымаецца, што мары зьдзейсьняцца. Не дарма гэты час завецца цудадзейным - ён насамрэч такі! Большасьць залежыць ад нас. Гэта мы не павінныя разгубіць гэты чарадзейны настрой і супакой у сэрцы, які прынёс нам маленькі Езус разам з сваім зьяўленьнем на сьвет. Мы павінныя толькі расчыніць сваё сэрца, сваю душу на Божую ласку - як расчыняем вокны для таго, каб лёгкі вясеньні вецер уляцеў у наш пакой, кружачы нам думкі і напаўняючы нас лёгкасьцю. Езус - гэта Надзея. Надзея, якая дае нам веру і ўпэўненасьць, любоў і супакой. Дзень пачынае павялічвацца, бо Езус - гэта сьвятло, якое асьвятляе наш розум, сэрца, душу.