- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У сузор’і слынных імёнаў, якімі па праву ганарыцца беларускі народ, Якубу Коласу (1882—1956) належыць адно з найболей пачэсных месцаў. Класік нацыянальнай літаратуры, непераўзыйдзены мастак слова, аўтар паэтычных шэдэўраў, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага прыгожага пісьменства, настаўнік некалькіх пакаленняў творчай моладзі, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, адзін з буйных арганізатараў навукі, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы — такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх прыхільнікаў яго таленту. У мастацкіх творах і шматграннай грамадска-культурнай дзейнасці Якуб Колас паўстае як жывое ўвасабленне духоўнай моцы народа-працаўніка, як зыркі сімвал самаахвярнага, бескарыслівага слугавання Бацькаўшчыне. Неацэнная заслуга Якуба Коласа і яго вялікага паплечніка Янкі Купалы ў тым, што яны як сапраўдныя песняры-прарокі, духоўныя лідэры нацыянальна-вызваленчага руху, дзякуючы свайму таленту, здолелі на поўны голас, але кожны па-свойму, распавесці свету пра Беларусь і яе права заняць «свой пачэсны пасад між народамі».