- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 травеня 1927 году ў Менску ў сям’і Яўхіма Кіпеля і Марыі Зубкоўскай (прозьвішчам маці ён часам карыстаўся як псэўданімам, падпісваючы газэтныя публікацыі ды скрыпты на Радыё Свабода).
Сп. Кіпель – адзін з найвядомейшых беларусістаў сьвету – толькі восем год жыў у Беларусі: першыя шэсьць год ад нараджэньня і потым два гады за нямецкай акупацыяй. У 1933 годзе Марыя Кіпель з шасьцігадовым сынам выехалі ў Расею, дзе адбываў пакараньне бацька. Вярнулася сям’я толькі ў 1942 годзе.
У 1944 годзе сям’я Кіпеляў выехала на Захад. Пасьля таго, як Яўхім Кіпель у час нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з газэтай “Голас вёскі”, працаваў над падрыхтоўкай школьных падручнікаў і праграмаў ды старшынстваваў на Другім Усебеларускім Кангрэсе, не выпадала думаць, што бальшавікі не крануць сям’і. “Нас чакала альбо сьмерць, альбо Сібір”, – кажа сп. Кіпель. Выбар аказаўся слушным.
У паваеннай Нямеччыне Вітаўт Кіпель далучыўся да актыўнае грамадзкае працы. І таму сёлета мы адзначаем ня толькі 80-годзьдзе гэтага чалавека, але і 60 год ягонай грамадзкай працы. Разам з Алесем Бутам і Алесем Марговічам скаўт Вітаўт Кіпель выдаваў “Інфармацыйны лісток штандару “Баварыя” пад назваю “Ганец”. Першы нумар выйшаў 14 красавіка 1947 году.
“Нялёгкая справа: гуртуй беларусаў – шмат каму зь іх трэба было ўсьведамляць – і вядзі прапагандысцкую працу навонкі,”— згадваў Вітаўт Кіпель пра тыя часы.
Потым быў пераезд у Бэльгію, сканчэньне Лювэнскага ўнівэрсытэту. Але папрацаваць па спэцыяльнасьці “геалёгія” шмат не атрымалася. У хуткім часе Вітаўт Кіпель стаў супрацоўнікам Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі.
Адначасова з працай у бібліятэцы Вітаўт Кіпель супрацоўнічаў зь беларускай службай Радыё Свабода, браў удзел у выданьні квартальніка “Беларуская моладзь”, потым — газэты “Беларус”. Браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці беларусаў ЗША, а таксама быў кіраўніком Фэдэрацыі рэспубліканскіх клюбаў.
У 1976—1979 гг. пад старшынствам Вітаўта Кіпеля ладзіліся Беларускія фэстывалі, якія зьбіралі па некалькі тысяч чалавек і прыцягвалі ўвагу амэрыканскіх палітыкаў. Прыкладам, першы такі фэстываль прывітаў тэлеграмай прэзыдэнт Джэральд Форд. Мэр Кліўленду Джордж Вайновіч надаў сп. Кіпелю званьне Ганаровага грамадзяніна горада.
У 1982 годзе Вітаўт Кіпель узначаліў Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Вітаўта – Тумаша. Плённая праца ў якасьці кіраўніка гэтай ўстановы працягваецца і да сёньня. Колькасьць выдадзеных кніг за дырэктарствам Кіпеля вырасла ў некалькі разоў. Адбываецца гэта, у тым ліку, дзякуючы і мэнэджарскім здольнасьцям кіраўніка, які выдатна разумее, што праца над кнігай не сканчаецца пасьля таго, як яе забралі з друкарні. Трэба, каб кніга трапляла да чытача, а значыць яе трэба распаўсюджваць дзе толькі магчыма, каб атрыманыя сродкі пайшлі на наступную кнігу.
“Усюды, — пісаў Янка Запруднік, — дзе адбываліся якія-небудзь грамадзкія падзеі – фэстывалі, пікнікі, юбілеі, большыя ці меншыя ўрачыстасьці, рэлігійныя сьвяты, — дзе толькі зьбіралася грамада суродзічаў, можна было пабачыць Вітаўта з раскладзенымі на стале кнігамі. Гэта пашыральніцкая сыстэматычнасьць ідзе ад падвойнага разуменьня: 1) беларуская кніга патрэбная беларускаму чалавеку, бо ў ёй закладзена любасьць да свайго роднага, і 2) беларус павінен падтрымоўваць сваё выдавецтва, бо беларуская кніжка – гэта паказьнік нашай нацыянальнай жывучасьці”.
І сёньня дзясяткі бібліятэк у Беларусі маюць у фондах эміграцыйныя калекцыі дзякуючы таму, што Вітаўт Кіпель сам асабіста іх туды перадаваў ці дасылаў, часта за свае ўласныя грошы. А колькі кніжак у Беларусі выйшла, дзякуючы фінансаваньню сям’і Кіпеляў і БІНІМу!
Сын Юрка Кіпель казаў: “тата займаецца рознымі грамадзкімі справамі, але лічыць, што найбольш трывалым помнікам жыцьця й працы зьяўляецца кніга”. Дзеля новай кнігі Вітаўт Кіпель гатовы праехаць некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Говарту, дзе жыве, да Нью-Ёрку.
Плённай працы доўгія гады спрыяла верная спадарожніца — жонка Зора. Гэтая пара сталася, напэўна, самым пасьпяховым беларускім творчым тандэмам на эміграцыі. Зора і Вітаўт Кіпелі шмат зрабілі для зьбіраньня эміграцыйных беларускіх пэрыёдыкаў і друкаў. Найбагацейшая калекцыя, якую яны стваралі цягам паўстагодзьдзя, склала 171 скрыню і была аддадзеная на захаваньне ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай унікальнай і фундамэнтальнай працы “Беларускі друк на Захадзе: Бібліяграфія”. Бібліяграфія вытрымала два выданьні: у 2003 годзе яна выйшла ў двух кнігах: асобна пэрыёдыкі, асобна – кнігі. Праз чатыры гады, дапрацаваная, ужо пад адной вокладкай. “Беларускі друк на Захадзе” стаў настольнай кнігай для дасьледчыкаў эміграцыі, як, дарэчы, і ранейшая хрэстаматыйная кніга Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША” (1993, у 1999 годзе кніга выйшла дапрацаваным выданьнем па-ангельску).
Былі і іншыя кнігі: “Byelorussian-Americans and Their Community in Cleveland” (1982), у суаўтарстве з З. Кіпель: “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе. Бібліяграфія” (1985), “Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography” (1988), “Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі” (2002).
Два гады таму выйшаў № 28 “Запісаў БІНІМ”, прысьвечаны Вітаўту Кіпелю. У вітальным слове гісторык Захар Шыбека напісаў: “Ён (Вітаўт Кіпель) належыць да тых, хто радуецца посьпехам іншых. І многія з нас тут, на Бацькаўшчыне, зразумелі, што нечага вартыя, дзякуючы яго здольнасьці радавацца нашым дасягненьням. Ён не будуе ўласнага дабрабыту, ён разбудоўвае беларускасьць. А яна дагэтуль усё яшчэ трымаецца на дабрачыннасьці такіх людзей, як Кіпелі. Цяжка пералічыць тых, хто меў ласку ад сям’і Кіпеляў”.
Дык няхай сп. Вітаўт яшчэ колькі дзясяткаў год радуецца посьпехам іншых ... ды сваім посьпехам!
Крыніца: Алег Гардзіенка, Вітаўту Кіпелю - 80 гадоў, Беларус 533Вітаўт Кіпель памёр 3 снежня 2022 г.
Трэцяе мінскае выданне працы В. Кіпеля «Беларусы ў ЗША» значна дапрацаванае і дапоўненае аўтарам з улікам падзей апошніх дзесяцігодцзяў. Уступны нарыс прысвечаны жыццю і дзейнасці самога В. Кіпеля. У кнізе адлюстраваныя розныя этапы беларускай прысутнасці ў Злучаных Штатах - ад першых вядомых паасобных... Болей »
Другое мінскае выданне працы В. Кіпеля “Беларусы ў ЗША” значна дапрацаванае аўтарам з улікам падзей апошніх дзесяцігоддзяў. У кнізе адлюстраваныя розныя этапы беларускай прысутнасці ў Злучаных Штатах — ад з’яўлення першых вядомых паасобных эмігрантаў да апошніх хваляў масавай эміграцыі. Чытач знойдзе... Болей »
У кнізе ўспамінаў “Жыць і дзеіць” адзін зь вядучых дзеячоў беларускай эміграцыі доктар Вітаўт Кіпель прыгадвае сваё дзяцінства ў Менску і ў расейскай высылцы, юнацтва ў акупаваным Менску, маладосьць у Нямеччыне і Бэльгіі і сталае жыцьцё ў Злучаных Штатах — амаль стагодзьдзе беларускай гісторыі, дзе аўтар... Болей »
Вітаўт Кіпель адзін з найстарэйшых беларускіх дзеячаў у ЗША і дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Паводле яго, мэта нядаўніх паправак у Крымінальны кодэкс Беларусі – запужаць людзей перад удзелам у палітычным працэсе перад выбарамі. Ён лічыць, што нягледзячы на шырокія фармулёўкі, як напрыклад... Болей »
Зора й Вітаўт Кіпелі цягам трыццаці гадоў, зь дня ў дзень, па карталюшках, з розных крыніцаў зьбіралі “зярно да зярняці”. “Беларускі друк на Захадзе” – гэта жывы помнік ня толькі эміграцыі, гэта частка беларускай гісторыі, якая доўгі час заставалася не зрэалізаваная. Не пабаюся параўнаць гэтую бібліяграфію... Болей »
Мне ў жыцьці пайшло так, што давялося ранавата пачаць вывучаць чужыя мовы. Першаю зь іх стала расейская: камуністы выслалі нашую сям'ю зь Беларусі ў Расею. Пазьней ваенная завіруха прывяла у Нямеччыну, дзе мусіу вывучыць нямецкую. Вышэйшую асьвету здабываў у Бэльгіі - у мове францускай, а жыцьцё... Болей »
У кнізе беларускага эміграцыйнага дасьледніка В. Кіпеля (нар. 1927 г.) усебакова разглядаецца гісторыя й сёньняші дзень беларускае дыяспары ў Злучаных Штатак Амэрыкі, паказваецца яе роля ў амэрыканскім жыцьці й неадлучанасьць ад беларускае нацыі й культуры. Гэтая праца, плёя шматгадовых пошукаў аўтара... Болей »
У сувязі з узростаньнем вывучэньня беларускай літаратуры на Захадзе наагул ды выкліканым стагодзьдзем Купалы й Коласа зацікаўленьнем гэтымі паэтамі ў паасобку, паўстала думка ўлічыць матэрыялы аб паэтах, друкаваныя на Захадзе, у якіх спадчына гэтых Беларускіх Бардаў вывучаецца без савецкае цэнзуры й... Болей »
Although Byelorussians have been living in Cleveland since the last decade of the XIX century, very little has been written about them in English. Over the past thirty years, the Byelorussian community in Cleveland has received some publicity in the news media. Nevertheless, the group remains relatively... Болей »
Альманах “Беларус” быў задуманы для таго, каб даць магчымасьць беларускім творцам, і ўжо вядомым, і, што вельмі важна, толькі пачынаючым, якія жывуць у замежжы і ня маюць магчымасьці друкавацца на Бацькаўшчыне, пазнаёміць чытачоў са сваімі літаратурнымі спробамі. Спадзяюся, што гэтае прызначэньне альманах... Болей »