- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Архімандрыт Леў Гарошка (26.II.1911 — 28.VII.1977) Жывой стаіць перад нашымі вачамі постаць высокая, танклявая, з кустом сівой барады, з носам шырокім арліным, з вачамі чорнымі гаручымі, упартымі. Помнім ягоныя энэргічныя рухі, тараплівую паходку, французкі бэрэт на галаве ... Айцец Леў! .. Пазнаеш яго здалёк. Быў ён заўсёды заняты, заўсёды сьпяшаўся, а калі й прысеў, то хутка выймаў з кішэні неадступны свой спадарожнік блакнот і натаваў. Не расставаўся ён такжа з багата-складаным ножыкам, а-но ў патрэбе ёсьць чым і кусок хлеба адкроіць і яблыка адрэзаць, а то й корак выцягнуць з бутэлькі, каб пачаставаць сяброў напіткам, хаця сам нават не панюхае няхай-сабе й найлепшага французкага віна ... А ў пакоі айца Льва? Гэта няважна, дзе ён будзе жыць: у манастыры Айцоў Лазарыстаў у Парыжы, ці ў Марыян Гаўз у Лондане, ці ў Марыянаў у Рыме. Усюды у яго на сьцяне будзе той самы любімы абраз Хрыста, той самы крыж, тыя самыя абразы-малюнкі ягонага вернага прыслужніка Віктара Жаўняровіча. Усюды таксама знойдзеш у яго масу розных прыладаў: шылаў, далотаў, адвёртак ..., бо-ж ён быў самавыстарчальным. Усё сам — як і ягоны бацька Юры — умеў, а калі й ня ўмеў, дык мусіў зрабіць. Як памятка ягонага рукадзельля дагэтуль стаяць плот ля гароду Марыян Гаўз і ў садзе пчаліная хатка, а таксама падлога-паркет з дубовых досак у школе 'сьв. Кірылы Тураўскага.