- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мае ўспаміны аб Ал. Астрамовічу будуць даволі скупыя, хоць ён — мой суродзіч вельмі блізкі. Нарадзіўся ён і гадаваўся ў сялянскай сям'і, у вёсцы Навасяды, якая належала да Галынанскай гміны і парахвіі, у 7-мі вёрстах ад майго мястэчка Гальшаны. У 1910 годзе летам я быў госьцем у Астрамовіча. Помню вёску Навасяды: вярсты дзьве ад Ашмянскага тракту ў бок захаду, на адкосе касарогу. Уздоўж вёскі праплывае ручай з паўдзённай стараны, а хаты пабудаваныя з паўночнага боку і гароды цягнуцца з поўначы на поўдзень, перасякаюць вуліцу і ідуць да ручая. Так што кожны гаспадар мае ў сваей паласе поле, пасьля гаспадарскія будынкі, вуліцу, гарод, луг і далей поле... Уся ваколіца вельмі разнаякая: ўзгоркі, касагоры, даліны. Ручай абросшы дрэвамі і кустамі; купіны дрэваў — на лысых узгорках. А сама вёска ўся ў гародчыках і садох: словам, ваколіца надта ажыўленая, прыгожая і вясёлая. Хаты — зьверненыя на паўдзень — маюць сонца з усходу рана, а з захаду — па паўдні, проста, купаюцца ў сонцы! (Мае прыяцелі, а. Я. Гэрмановіч, фрагмэнт)