- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хрысціянская містэрыя. Увесь хрысьціянскі культ ёсьць ня чым іншым, як бязупынным сьвяткаваньнем Пасхі. А нават і кажны дзень літургічнага году ёсьць працягам і аднаўленьнем той Пасхі, якую Госпад так моцна жадаў спажываць з сваімі вучнямі, чакаючы на тую, якую меў вечна спажываць з імі ў нябесным валадарстве. А Пасха, якую мы сьвяткуем раз у год, уводзіць нас у перажываньне першых хрысьціянаў, якія, аглядаючыся назад, радасна клікалі: «Сапраўды Госпад уваскрос!» А, гледзячы ў будучыню, заклікалі: «Прыйдзі, Госпадзе Ісусе!» — «Прыходзь хутчэй!» Хрысьціянства ня ёсьць толькі тэорыяй або ўспамінам. Гэта ёсьць акцыя, дзейнасьць і жыцьцё — ня толькі мінулае, а сучаснае, у якім зьмяшчаецца мінулае і прыбліжаецца будучае. I ў гэтым яно мае сваю таямнічасьць — тайну веры, бо хрысьціянства сцьвярджае, што мы цяпер можам прысвоіць сабе тое, што ўчыніў Хрыстос, каб атрымаць тое, што атрымаў Ён. Хрыстос абходзіў сваю Пасху ўжо блізка дзьве тысячы гадоў таму. А Пасха, якую мы сьвяткуем, дае нам усё тое, што Хрыстос учыніў. А тое, што чакае за гэтую лучнасьць з Хрыстом, ёсьць ягоная слава, якую Ён асятнуў, вечная Пасха, якую выбраныя сьвяткуюць у небе — вечны банкет ахвяраванага і ўслаўленага Ягнятка.