- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прыміце вялікую праўду. Першы раз у гісторыі Каталіцкай Царквы паляк быў выбраны Папам і выбраны ў нязвычайным часе. Сама Царква пасьля II-га Ватыканскага Сабору імкнецца не адставаць ад сучаснага жыцьця, а наадварот разам з энэргіяй, якую дае тэхніка і навука, прышчапіць яму жыцьцё ласкі, надпрыродную энэргію. Каб хрысьціянства лунала веліччу сваей праўды, каб усіх абдзяляла жыватворчай сілай, трэба ўжываць усіх сьродкаў. Сярод іх ключавым ёсьць мова чалавека. Мова — гэта дар Божы, гэта ключ да людзкіх сэрцаў! Таму Папа, Галава Каталіцкай Царквы, атрымаўшы ключы ад вечных праўдаў ад самога Хрыста (Мат. 16, 19), ужывае розных моваў. Цяжка аднак было вымагаць ад Папаў італьянцаў, хаця і былі сярод іх выдатныя і здольныя адзінкі, каб яны апрача »міжнародных« моваў ведалі славянскія мовы. Урэшце Божы Провід даў Папу славяніна. Ён сяньня біскуп Рыму, Пастыр Усяленнай, але ён па свайму паходжаньню, па свайму выглядзе, тэмпэраманту паляк. Што аднак ён ня толькі паляк, але славянін, можна бачыць хоцьбы й з таго, што сярод 23 моваў, у якіх у дзень калядні 25 сьнежня 1978 году вітаў Горад і Сьвет, ён прамаўляў у шасьці славянскіх мовах, а сярод іх і ў беларускай.