en

Бароўскі Анатоль

Бароўскі Анатоль

Нарадзіўся 12 траўня 1942 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Але маці сказала, што я нарадзіўся годам пазней, – баяліся пытанняў ад строгіх уладаў: чаму я гэта нарадзіўся пасярод вайны? Так што сапраўдны мой год нараджэння 1943 год.

Бацька – Мікола Сямёнавіч – вучыў дзяцей расейскай мове. Маці – Ганна Іванаўна – працавала па хатняй гаспадарцы, выхоўвала дваіх дзяцей: мяне і брата майго Міколу. Чамусьці бацьку перакідвалі з адной школы ў другую – то беларуская яна была, то расейская. Гэта наклала нейкі адмоўны адбітак на маю вучобу. Не давалася мне хімія і алгебра, фізіка і матэматыка. Ці настаўнікі былі не педагогамі, ці я сам не мог зразумець той навукі. Але калі мяне прасілі напісаць складана-залежны сказ на дошцы (на роднай мове ці расейскай), то і месца не хапіла на дошцы. Здаралася, што пісаў знарок з памылкамі, але настаўнікі іх не бачылі, значыць, і самі не ведалі дасканала свайго прадмета…

Вучыўся ў розных школах Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Сярэднюю школу скончыў у вёсцы Асавец (1960) Мазырскага раёна. Працаваў нейкі час у калгасе, потым на Мазырскім заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў непадалёк ад сваёй вёскі – у Турбінцы.

У 1961 годзе паступіў вучыцца ў Мазырскі педінстытут. Правучыўся да сакавіка 1962 года і позва ваенкамата паклікала ў войска. З 1962 па 1964 год служыў у Групе Савецкіх войскаў у Нямеччыне. Вярнуўся ў Мазыр, працягваў вучыцца завочна і працаваў у Мазырскай газеце “Камуніст Палесся”. Працаваў інструктарам райкама партыі, – так што пра жыццё гэтай арга-нізацыі вядома не з вуснаў іншых, а сам варыўся ў той чорнай смале хлусні і падману і, як літаратар, расказваў пра тое ў сваіх творах.

У 1968 годзе зноў паклікалі, пад прымусам ужо, служыць у войска – афіцэрам, лейтэнантам, так званым “двухгадавіком”, на працягу двух гадоў – у Полацку. Лічыць другім “чорным перыядам” свайго жыцця – пасля працы ў гаркаме. Служыў начальнікам клуба без клуба.

Пасля зноў вярнуўся ў Мазыр. Працаваў адказным сакратаром гарадской арганізацыі таварыства “Веды” на працягу трох гадоў. Потым перайшоў працаваць у гаркам партыі, спадзеючыся, што на гэтай працы выдзеляць жыллё. Надзеі не спраўдзіліся. Бо Малафееў і яго памагатыя сваёй адмовай ледзьве не адправілі на той свет... Не дабыўшы і года на гэтай пасадзе, перайшоў працаваць намеснікам дырэктара ПТВ геалогіі.

Працуючы ў вучылішчы, напісаў нарыс “На далёкай буравой” і даслаў у газету “Чырвоная змена”. Нарыс заняў першае месца ў конкурсе. Валодзя Касько, тадышны рэдактар, запрасіў працаваць у газету. Так, з 1975 года – уласны карэспандэнт газеты “Чырвоная змена” па Гомельскай, а пасля і па Берасцейскай абласцях. Пятнаццаць гадоў працы ў гэтай газеце адыгралі сваю дадатную ролю ў станаўленні як публіцыста, так і пісьменніка. З 1990 года – сябра Саюза пісьменнікаў СССР і БССР.

Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце. Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы і нарысы ў газетах “Чырвоная змена” і ў газеце (ГСВГ) “Савецкая Армія”. Нарыс “Іван Нахаба” заняў другое месца ў конкурсе, які аб’явіла вайсковая газета.

У 1979 годзе надрукаваў аповесць “Тросніца” ў часопісе “Маладосць” №3. Рэдактарам тады быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.

У 1980 годзе выйшла ў свет кніга “Надзейная змена” ў выдавецтве “Беларусь”. У гэтыя гады друкуе свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс “Поле Радкевічаў” (1980) стаў лаўрэатам прэміі часопіса “Маладосць”.

Добрым словам заўсёды падтрымліваў Сцяпан Кухараў, супрацоўнік часопіса, дапамагаў у асваенні літаратурных вяршыняў. Але найбольш з усіх пісьменнікаў, якія сталі дарадцамі і сябрамі, удзячны Уладзіміру Дамашэвічу. Яго парады і вучоба сталі для будучага пісьменніка самым галоўным літаратурным універсітэтам...

У 1982 годзе аповесць “Тросніца” выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пад агульнай назвай “Знаёмства”, у якую былі ўключаныя тры аўтары.

У часопісе “Маладосць” надрукаваў у 1986 годзе (№7) аповесць “Да свайго берага”.

У суаўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу “Цеплыня” – 1996 год.

“Чорны бусел – белы цень” – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і была вылучаная на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію, на жаль, не атрымала.

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў “Пякельны рай».

У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукаваная аповесць “Сцеражыся майго гневу” (часопісны варыянт).

У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.

Выдаў кнігу вершаў “Заручуся з бліскавіцай”.

Пераклаў свой жа раман “Спакушэнне” на расійскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.

“Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.

Выдаў дакументальны раман “Мы – Юніцкія” пра геніяльнага вынаходніка-беларуса Анатоля Юніцкага, акадэміка Расійскай Акадэміі навук, – нарадзіўся на Брагіншчыне Гомельскай вобласці.

Сёння выступае ў друку як празаік, публіцыст, паэт і мастак.

Быў абраны старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны і больш за дваццаць гадоў узначальваў гэтую арганізацыю.

Сёння з’яўляецца старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі “Гомельскае аддзяленне беларускіх пісьменнікаў” – СБП.

Бароўскі Анатоль :: Publications

pdf

Струнный триумф Юницкого

Документальный роман (с элементами фэнтези)
Боровский Анатоль

Он прошёл через всё – недоверие и неприятие, предательство друзей и непонимание его идей сильными мира сего; через суды и шпиономанию (власти Литвы, когда он собирался строить у них струнную дорогу, с их же разрешения, увидели в нём в 2014 году «русского шпиона», даже завели на него уголовное дело и...… More

pdf epub

Кузьня

Подступы да рамана
Бароўскі Анатоль

Галоўны герой рамана Антон Клімовіч трапляе ў XVI стагоддзе і становіцца летапісцам гетмана Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага падчас Аршанскай бітвы. Аўтар стварае свет, у якім існуе некалькі рэальнасцяў. Касмічныя і падземныя падарожжы, анёлы-ахоўнікі ўдала спалучаюцца з падзеямі сучаснай...… More

pdf

Паўстанец духу – Рыгор Клімовіч

Сшытак першы
Бароўскі Анатоль

Мы сядзім на беразе Сожа, моўчкі глядзім удалячынь. У небе куляюцца ці то галубы, ці то чайкі, не зразумець, і лёгкі вецер ахутвае нашыя твары. Рыгор глядзіць у засмужаную далеч, быццам хоча нешта выдзеліць з краявіду, прымружвае вочы, не адводзіць позірку ад нейкае нябачнае кропкі, уздыхае. Потым праз...… More

pdf

К небесам – через тернии

Документальный роман (с элементами фэнтези)
Боровский Анатоль

Анатолий Юницкий… Медленно, но уверенно приходит к нему всемирная слава. Он – изобретатель и инженер, учёный и конструктор. Родился в Беларуси – в деревне Крюки, что находилась в семи километрах от ЧАЭС… Нет сегодня такой местности – она исчезла, сметённая чернобыльской бурей и посыпанная пеплом, осталась...… More

pdf

Паўстанец духу – Рыгор Клімовіч

Сшытак другі
Бароўскі Анатоль

Дзядзька Рыгор казаў: – Я баюся сцвярджаць, што я чалавек шчаслівы, але і не магу сказаць, што я нешчаслівы. Тут ужо з якога боку паглядзець і якім прыборам вызначаць тое шчасце. Калі Бог даў табе жыццё, адправіў у жыццёвую дарогу, ды і ў не абы якую дарогу, а поўную пакутаў і выпрабаванняў, то міжволі...… More

pdf

Воляй абраны

Раман
Бароўскі Анатоль

У кнізе Анатоль Бароўскі засяродзіў сваю ўвагу на каханні кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Вікенція Канстанціна Каліноўскага і яго нарачонай, Марыі Ямант, якое яны пранеслі праз віхуры і здзекі, вытрымаўшы і перамогшы, выстаяўшы і даказаўшы, што вышэй Кахання нічога ў Сусвеце не існуе. Паралельна...… More

pdf

Юницкого небесные дороги

Документальный роман
Бароўскі Анатоль

Анатолий Юницкий родился в Беларуси, на Гомельщине, в деревне Крюки. До Чернобыля от неё – рукой подать. Катастрофа на АЭС смела её с лица земли, и теперь она «похоронена» в мёртвой зоне, усыпанной радионуклидами… С детства грезил космосом. Изучал труды гениального изобретателя Казимира Семеновича, белоруса...… More

epub

Дамова на спакусу

раман-фантасмагорыя
Бароўскі Анатоль

“Дамова на спакусу” – раман-фантасмагорыя. Пра тое, што побач з намі штодзённа крочыць спакуса, патойбаковыя сілы падсцерагаюць нас, калі мы “паслізнемся”, калі захочам атрымаць прывідную асалоду жыцця, спакусіцца на багацце. Пра тое, што для чалавека азначае Біблія і вера ў Бога. Як пазбегнуць спакусы...… More

epub

Ахутавана

Аповесць
Бароўскі Анатоль

Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў. Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Складаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто? Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адамкнуць...… More

epub

Апавяданні

Апавяданні і абразкі
Бароўскі Анатоль

Завіруха ўсчалася яшчэ з вечара… Скуголіў, шараваў свае бакі аб шурпатыя сцены хатаў вірлівы вецер, біліся адна аб адну галінкі-рукі дрэваў, гухкала нешта за сценамі, аж уздрыгвала, здаецца, хата. Гуло пагрозліва ў коміне печы, быццам нячысцікі скакалі на нарышчы, наладжваючы свае скокі, стараліся знесці...… More

Kamunikat.org – Belarusian Internet Library
Permission for reprints of the resources is granted only with the credit to the source.
Permission for reprints on the Internet is granted only with the hyperlink to the Kamunikat.org site.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Copyright © 2000-2023 by Kamunikat.org