be

Мудроў Вінцэсь

Мудроў Вінцэсь

Мудроў Вінцэсь (11.09.1953, Полацак), беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.

Дзяцінства і юнацтва М., сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасьці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых клясах сярэдняй школы № 2 Наваполацку ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасьці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешваньне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў передачаў «Голаса Амэрыкі», «Радыё Саабода» і іншых заходніх радыёстанцыяў. .

У пэрыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выданьня рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусьціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны М., зьмяшчаў ягоныя меркаваньні па праблеме беларускай мовы і яе пэрспэктываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна зьмяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў М. параўнаў беларусаў са зьніклым народам этрускаў. .

Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацку і Наваполацку дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на сьлед часопісу выйшаў КГБ. У вачох гэтае інстытуцыі ўяўляла грамадзкую небясьпеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаху, які выходзіў у «інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе», у якасьці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваныя. З М. і інш. выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся. .

У 1976 М. скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасьці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў. .

У другой палове 1970-1980-х М. актыўна займаўся капіяваньнем і распаўсюджваньнем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасьці, твораў М.Булгакава «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца». Асаблівае месца ў гэтай дзейнасьці займала нелегальнае распаўсюджваньне недаступных беларускаму чытачу навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка» В.Ластоўскага, беларускага часопіса «Крывіч»; антыкамуністычных вершаў і паэмаў вязьня ГУЛАГу паэткі Ларысы Геніюш. М. наведваў Л.Геніюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнічаў у пахаваньні паэткі, якое адбылося пад татальным кантролем КГБ. .

Працаваў на прадпрыемствах Наваполацку, а пасьля Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РСФСР. Пастаянна адчуваў увагу КГБ. У 1986 супрацоўнікі КГБ падчас чарговай «прафіляктычнай гутракі» пагражалі выслаць М. зь Ямала-Нянецкай акругі за антысавецкую дзейнасьць. .

У канцы 1980-х М. вярнуўся ў Беларусь і цяпер жыве ў Наваполацку. Ён займае актыўную грамадзкую пазыцыю: з 1990 - сябра Беларускага Народнага Фронту, удзельнічае ў акцыях дэмакратычнай апазыцыі. З 1995 - карэспандэнт «Радыё Свабода» па Полацкім рэгіёне. Вядомы таксама як аўтар некалькіх кнігаў мастацкае прозы і перакладчык з альбанскае і расейскае моваў. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру. (Уладзімір Арлоў) .

Крыніца: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік.

Мудроў Вінцэсь. Выданьні

У смаленскім палоне
epub

У смаленскім палоне

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Яго абудзіла натужлівае храпенне. Сусед па нумары — дарэчы, таксама Прыходзька, як паведамілі ў рэцэпцыі, — хроп, задзёршы ўгору глюгасты нос, чаргуючы храпакі з кароткім прысвістам. Нос пры гэтым прыкметна варушыўся. Сазон падняўся з ложка, тыцнуў храпуна кулаком у плячук, і пакаёвец задаволена замыліў... Болей »

Пах гарэлага торфу
epub

Пах гарэлага торфу

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Кудлаты дым, спароджаны высокім комінам, паўзе па небе, засціць ранішняе сонца, ператвараючы яго ў аблачыну ружовага святла. Васіль мружыцца на размыты сонечны дыск і зацята, усёй пяцярнёй, масіруе пераноссе. ТЭЦ, што стаіць на другім баку чыгуначнай лініі і неміласэрна дыміць, працуе на торфе, працінаючы... Болей »

Лазня
epub

Лазня

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Суботнім вечарам бацька выцягвае з-пад ложка парэпаную фібравую валізку і выстуквае на ёй косткамі пальцаў «Карэла-фінскую польку». Гэта ў яго добра атрымліваецца: грукат стаіць на ўсю кватэру. Пасля бацька пстрыкае зашчап­камі і маці кладзе ў валізку змену бялізны, мыла і лубяную, падобную на бараду... Болей »

Славік Гагарын
epub

Славік Гагарын

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Бот Славікаў цячэ з леташняй восені. Сусед, дзядзька Лявон, быў наклаў лапік. У суседа веласіпед з велааптэчкай. Вось ён і заклеіў гумовік так, як заклейваюць шыны. Толькі лапік хутка адляцеў. Дзядзька Лявон сказаў, што клей стары. Не трымае. Настаўніца ідзе да дошкі і малюе шклянку. Дакладна такую... Болей »

Бананы
epub

Бананы

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Перад урокам батанікі на дошку павесілі плакат з выявамі трапічных раслін. Раней на падобныя малявідлы Лёшка Юрчык не звяртаў увагі, а тут, прабягаючы каля дошкі, нечакана спыніўся. На плакаце красаваў залацістай мяцёлкай цукровы трыснёг, пяшчотна ружавелі плады экзатычнага манга, вісеў на тоўстым стаўбуры... Болей »

Зарок
epub

Зарок

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Я бягу следам за міліцэйскай машынай, што паволі, страсянаючыся на калдобінах, едзе па дарозе. З-пад колаў адлятае густы пыл, што рэжа вочы, трашчыць на зубах і ад якога салодка свярбіць у горле. Пад’ехаўшы да збітага з дошак барака, — яго ў нас называюць «інтэрнатам», — машына спыняецца і на момант... Болей »

Марсіяне над вёскай
epub

Марсіяне над вёскай

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

А восьмай вечара тупкі пляц каля клуба ажывае. Сюды і мальцы на матацыклах пад’язджаюць, і падшпаркі на роварах, і старыя цёткі да клуба клыгаюць, сюд-туд прыкладаючы далоні да броваў і паглядаючы ў канец бальшака. Гэтым часам з Азярышча прыязджае рэйсавы аўтобус. Людзі вяртаюцца з горада наладаваныя... Болей »

Ліст у Качановічы
epub

Ліст у Качановічы

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Сярод ночы Яську абуджаюць здушаныя ўсхліпы. Яны ціхенькія — цішэй, мабыць, за піск мышаняці за печчу, — ды ўсё адно рэжуць слых і зганяюць сон з павекаў. Бацька варочаецца на сваім лежаку, і маці, усхліпнуўшы на астачу, аціхае. Маці плача праз Косціка, свайго старэйшага сына, які месяц таму падаўся... Болей »

Свістуны
epub

Свістуны

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Я сеў пісаць гэтае апавяданне 20 траўня, праз пяцьдзясят гадоў пасля таго, як мой школьны сябрук Валерка Шмыкаў рвануў падчас вялікай пярэрвы самаробную бомбу. Ну, не бомбу, а выбуховы пакет, які згламэздаў, перамяшаўшы алюмініевую пудру, марганцоўку і серку ад запалак. І хаця пакет выбухнуў выпадкова... Болей »

Гісторыя хваробы
epub

Гісторыя хваробы

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

На трэцім уроку мяне заўсёды цягне на сон. Сёння ў нас трэці ўрок — геаграфія. Я сюд-туд правальваюся ў сонную замарач, нечыя цьмяныя твары плывуць перад вачыма, пра­стору поўняць гэткія ж цьмяныя пахі і аднекуль здалёк далятае абрыдлы голас геаграфічкі: «Да дошкі пойдзе Дасюлін». Я ачомваюся. Мішка... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2025 by Kamunikat.org