Бароўскі Анатоль

Нарадзіўся 12 траўня 1942 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Але маці сказала, што я нарадзіўся годам пазней, – баяліся пытанняў ад строгіх уладаў: чаму я гэта нарадзіўся пасярод вайны? Так што сапраўдны мой год нараджэння 1943 год.

Бацька – Мікола Сямёнавіч – вучыў дзяцей расейскай мове. Маці – Ганна Іванаўна – працавала па хатняй гаспадарцы, выхоўвала дваіх дзяцей: мяне і брата майго Міколу. Чамусьці бацьку перакідвалі з адной школы ў другую – то беларуская яна была, то расейская. Гэта наклала нейкі адмоўны адбітак на маю вучобу. Не давалася мне хімія і алгебра, фізіка і матэматыка. Ці настаўнікі былі не педагогамі, ці я сам не мог зразумець той навукі. Але калі мяне прасілі напісаць складана-залежны сказ на дошцы (на роднай мове ці расейскай), то і месца не хапіла на дошцы. Здаралася, што пісаў знарок з памылкамі, але настаўнікі іх не бачылі, значыць, і самі не ведалі дасканала свайго прадмета…

Вучыўся ў розных школах Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Сярэднюю школу скончыў у вёсцы Асавец (1960) Мазырскага раёна. Працаваў нейкі час у калгасе, потым на Мазырскім заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў непадалёк ад сваёй вёскі – у Турбінцы.

У 1961 годзе паступіў вучыцца ў Мазырскі педінстытут. Правучыўся да сакавіка 1962 года і позва ваенкамата паклікала ў войска. З 1962 па 1964 год служыў у Групе Савецкіх войскаў у Нямеччыне. Вярнуўся ў Мазыр, працягваў вучыцца завочна і працаваў у Мазырскай газеце “Камуніст Палесся”. Працаваў інструктарам райкама партыі, – так што пра жыццё гэтай арга-нізацыі вядома не з вуснаў іншых, а сам варыўся ў той чорнай смале хлусні і падману і, як літаратар, расказваў пра тое ў сваіх творах.

У 1968 годзе зноў паклікалі, пад прымусам ужо, служыць у войска – афіцэрам, лейтэнантам, так званым “двухгадавіком”, на працягу двух гадоў – у Полацку. Лічыць другім “чорным перыядам” свайго жыцця – пасля працы ў гаркаме. Служыў начальнікам клуба без клуба.

Пасля зноў вярнуўся ў Мазыр. Працаваў адказным сакратаром гарадской арганізацыі таварыства “Веды” на працягу трох гадоў. Потым перайшоў працаваць у гаркам партыі, спадзеючыся, што на гэтай працы выдзеляць жыллё. Надзеі не спраўдзіліся. Бо Малафееў і яго памагатыя сваёй адмовай ледзьве не адправілі на той свет... Не дабыўшы і года на гэтай пасадзе, перайшоў працаваць намеснікам дырэктара ПТВ геалогіі.

Працуючы ў вучылішчы, напісаў нарыс “На далёкай буравой” і даслаў у газету “Чырвоная змена”. Нарыс заняў першае месца ў конкурсе. Валодзя Касько, тадышны рэдактар, запрасіў працаваць у газету. Так, з 1975 года – уласны карэспандэнт газеты “Чырвоная змена” па Гомельскай, а пасля і па Берасцейскай абласцях. Пятнаццаць гадоў працы ў гэтай газеце адыгралі сваю дадатную ролю ў станаўленні як публіцыста, так і пісьменніка. З 1990 года – сябра Саюза пісьменнікаў СССР і БССР.

Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце. Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы і нарысы ў газетах “Чырвоная змена” і ў газеце (ГСВГ) “Савецкая Армія”. Нарыс “Іван Нахаба” заняў другое месца ў конкурсе, які аб’явіла вайсковая газета.

У 1979 годзе надрукаваў аповесць “Тросніца” ў часопісе “Маладосць” №3. Рэдактарам тады быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.

У 1980 годзе выйшла ў свет кніга “Надзейная змена” ў выдавецтве “Беларусь”. У гэтыя гады друкуе свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс “Поле Радкевічаў” (1980) стаў лаўрэатам прэміі часопіса “Маладосць”.

Добрым словам заўсёды падтрымліваў Сцяпан Кухараў, супрацоўнік часопіса, дапамагаў у асваенні літаратурных вяршыняў. Але найбольш з усіх пісьменнікаў, якія сталі дарадцамі і сябрамі, удзячны Уладзіміру Дамашэвічу. Яго парады і вучоба сталі для будучага пісьменніка самым галоўным літаратурным універсітэтам...

У 1982 годзе аповесць “Тросніца” выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пад агульнай назвай “Знаёмства”, у якую былі ўключаныя тры аўтары.

У часопісе “Маладосць” надрукаваў у 1986 годзе (№7) аповесць “Да свайго берага”.

У суаўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу “Цеплыня” – 1996 год.

“Чорны бусел – белы цень” – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і была вылучаная на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію, на жаль, не атрымала.

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў “Пякельны рай».

У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукаваная аповесць “Сцеражыся майго гневу” (часопісны варыянт).

У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.

Выдаў кнігу вершаў “Заручуся з бліскавіцай”.

Пераклаў свой жа раман “Спакушэнне” на расійскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.

“Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.

Выдаў дакументальны раман “Мы – Юніцкія” пра геніяльнага вынаходніка-беларуса Анатоля Юніцкага, акадэміка Расійскай Акадэміі навук, – нарадзіўся на Брагіншчыне Гомельскай вобласці.

Сёння выступае ў друку як празаік, публіцыст, паэт і мастак.

Быў абраны старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны і больш за дваццаць гадоў узначальваў гэтую арганізацыю.

Сёння з’яўляецца старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі “Гомельскае аддзяленне беларускіх пісьменнікаў” – СБП.

 

Бароўскі Анатоль :: Выданьні

pdf
Боровский Анатоль, Мы - Юницкие (ХIX - XX - XXI стст.)

Мы - Юницкие (ХIX - XX - XXI стст.)

Документальный роман

Боровский Анатоль

Анатолия Юницкого – я знаю лет двадцать пять, если не больше. Первый раз мы с ним встретились в то время, когда я работал в молодёжной газете, и со своей коллегой Галиной Пшоник брали у Анатолия интервью. Он на то время был уже известным изобретателем, о нём писали в газетах. Мы долго сидели в гостиничной номере, говорили о его проекте «В космос без ракеты», переходили на другие темы, но все они были связаны с главным кредо Анатолия Юни... Болей »


pdf
mobi
fb2
epub
Бароўскі Анатоль, Воляй абраны. Дамова на спакусу

Воляй абраны. Дамова на спакусу

Раманы

Бароўскі Анатоль

У першую кнігу аўтар уключыў два раманы – “Воляй абраны” і “Дамова на спакусу”. Першы раман – пра падзеі 1863-га года, пра вызвольнае паўстанне супраць расійскага царызму, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Пра каханне кіраўніка паўстання і яго нарачонай – Марыі Ямант. Аўтар паспрабаваў з вышыні сённяшняга часу паглядзець на супярэчлівую і выбітную асобу Вікенція Канстанціна Каліноўскага, спроба разабрацца ў тым, чаму паўстанню з самаг... Болей »


pdf
epub
Бароўскі Анатоль, Вужык. Голуб на плячы. Дак

Вужык. Голуб на плячы. Дак

Аповесці

Бароўскі Анатоль

Другі том выдання складаюць аповесці, апавяданні і нарыс пра родны горад Мазыр. Перапляценне розных жанраў – прытчы і казкі, фантасмагорыя і фантазія... Усё пераплецена і ўзаемазвязана, і ўсе творы пранізаны дабрынёй і шчырасцю, клопатам і занепакоенасцю будучым лёсам роднага краю; характары герояў выпісаны праўдзіва і дасканала, яны кранаюць, пакідаюць добрае ўражанне, прымушаюць задумацца над тым, куды мы ідзем, да чаго імкнемся... Ап... Болей »


pdf
mobi
fb2
epub
Бароўскі Анатоль, Азірніся ў каханні

Азірніся ў каханні

Аповесці

Бароўскі Анатоль

У аповесці «Азірніся ў каханні» аўтар (нарадзіўся у 1942 г. на Гомельшчыне) у фантастычнай форме паказвае, як і калі праяўляюцца ў чалавеку лепшыя яго якасці — дабрыня, каханне, творчыя магчымасці. Герой аповесці «Бронік-афганец» з душэўнай траўмай вяртаецца з афганскай вайны на радзіму ў чарнобыльскую зону. Разам з сябрамі Бронік спрабуе дамагчыся праўды, каб памагчы людзям, але сутыкаецца з халодным раўнадушшам чыноўнікаў. Лёс герояў ... Болей »


pdf
epub
Бароўскі Анатоль, Пякельны рай

Пякельны рай

Аповесці

Бароўскі Анатоль

Творы празаіка ў кнізе «Пякельны рай» вызначаюцца шчырасцю і дабрынёй, узвышанасцю і глыбокім аналізам герояў і вобразаў, якія на мяжы містыкі і рэальнасці, фантасмагорыі і фантастыкі, паміж Космасам і Зямлёй... Аўтар праклаў у беларускай літаратуры сваю адметную і нялёгкую сцежку і крочыць па ёй упэўнена і смела. Болей »


pdf
Бароўскі Анатоль, З бліскавіцай заручуся

З бліскавіцай заручуся

вершы

Бароўскі Анатоль

Анатоль Бароўскі - празаік і паэт, публіцыст і мастак... Усе вершы прасякнуты роздумам пра час, у якім жывем, спадзяваннем, што нас заўсёды будзе саграваць Сонца Дабрыні і Пяшчоты. Болей »


pdf
Бароўскі Анатоль, Юницкого небесные дороги, Издание второе, дополненное и переработанное

Юницкого небесные дороги

Документальный роман

Бароўскі Анатоль

Анатолий Юницкий родился в Беларуси, на Гомельщине, в деревне Крюки. До Чернобыля от неё – рукой подать. Катастрофа на АЭС смела её с лица земли, и теперь она «похоронена» в мёртвой зоне, усыпанной радионуклидами… С детства грезил космосом. Изучал труды гениального изобретателя Казимира Семеновича, белоруса, который задолго до К. Циолковского – за двести пятьдесят лет – изобрёл многоступенчатые ракеты. Учёный Юницкий отвергает полёты в ... Болей »


epub
Бароўскі Анатоль, Вужык

Вужык

Аповесць

Бароўскі Анатоль

– Тады скажыце, калі ласка, а вы самі ў той час дзе знаходзіліся, калі не сакрэт? Позірк у следчага спакойны, у шэрых вачах – абыякавасць, падобная на стому. Было ўражанне, што ён і папытаўся нехаця, яму і не трэба быў адказ. Бо ён яго ведаў загадзя. Кожны раз, калі прамаўляў свае пытанні, правае брыво падскоквала ўверх, выгіналася дугой – і тут жа апускалася, прыкрывала вока зноў, – як усё роўна хавала затоены позірк. (фрагмент) Болей »


epub
Бароўскі Анатоль, Замалі мой грэх

Замалі мой грэх

Аповесць

Бароўскі Анатоль

За акном – цемрадзь. За акном – цішыня... Нават галінка ясакору, што настойліва церлася аб тоўстую шыбіну акна, напамінаючы пра сябе, аціхла, супакоілася... А то на нейкі момант блісне ў шыбы зыркае святло ад фар легкавушак, што ўязджаюць у вароты бальніцы, ды зноў сутонніцца ноч у двары. У акно кабінета загадчыцы рэанімацыйнага аддзялення Зінаіды Паўлаўны заглядвае цікаўна круглатварая поўня. Яна то ўсміхаецца даверліва, прымружыўшы ве... Болей »


epub
Бароўскі Анатоль, Сцеражыся майго гневу

Сцеражыся майго гневу

Аповесць

Бароўскі Анатоль

Маўчун успоўз старому чараўніку на грудзі. Ён, вуж, ведаў, што старога блажыла, што яму было кепска яшчэ звечара, калі легла за балотам у мяккія імхі счырванелае сонца. Але тады трывожны покліч не даходзіў да паўзучай істоты, і тым больш дзед сам не прасіў помачы, – ужо нат і не спадзяваўся на яе... Вуж скруціўся шэрым кольцам і затаіўся, як чакаў, калі ажыве застаялая кроў, калі дзед глыбака ўздыхне паветра, – і тады пачнецца ўжо новы ... Болей »


Першая   Папярэдняя   [1-3]   Наступная   Апошняя