Зміцер Лупач выйшаў на волю
2020-05-23 22:49
Выйшаў на волю з ізалятара часова ўтрымання глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач.
Ён адсядзеў за кратамі 10 сутак адміністрацыйнага арышту па рашэнні Глыбоцкага раённага суда нібыта за ўдзел у несанкцыяваным мерапрыемстве. А менавіта без дазволу Глыбоцкага райвыканкама выказаў сваё меркаванне пра жыццё ў Беларусі на камеру блогера Сяргея Ціханоўскага.
Як кажа Зміцер Лупач, сядзелася яму нармальна, кармілі добра, нават давалі дэлікатэсы ў выглядзе языка.
– Сядзелася нармалёва, як можа ў ізалятары сядзецца. Вядома, што там умовы не як у гатэлі, але стаўленне было добрае. Нічога там страшнага. Адзінае для мяне было дрэнна, што няма ні інтэрнэту, ні колькі часу не ведаеш. Калі з аптымістычнага боку глядзець, я цэлы тыдзень не меў інфармацыі пра каронавірус, і нават забыўся, што ён ёсць.
Сустрэць Змітра Лупача да будынка Глыбоцкага РАУС прыйшлі яго калегі, родныя і сябры:
– Мне не падабаецца, што ўлада так паступіла. Гэта клаунада. Людзей хапаюць перад выбарамі. За што?! Што зараз дазвол райвыканкама патрэбен, каб людзі маглі выказацца? Калі я скажу, што мне не падабаецца Лукашэнка, то я павінен ісці да ідэолага і сказаць, што мне не падабаецца Лукашэнка? Я хачу сказаць гэта праз Ютуб. – Я прыйшла Дзіму сустракаць, таму што ён затрыманы незаконна. Таму што парушаецца ў нас закон, парушаецца Канстытуцыя. Нам стараюцца закрыць рот, каб усе маўчалі. Мы не рабы! Мы павінны гаварыць.
Калегі і сябры журналіста сустрэлі яго з кветкамі, пажадалі яму ніколі зноў не трапляць за краты, плёну ў далейшай працы і моцнага здароўя. Напрыканцы сустрэчы ўсе разам адзначылі гэтую радасную падзею за салодкім сталом і абмеркавалі апошнія навіны.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя