Журналіст спрабуе дамагчыся справядлівасці
2020-06-04 22:30
Берасцейскі журналіст Яўген Скрабец падаў скаргу ў Вярхоўны Суд Беларусі.
Такім чынам ён адрэагаваў на дзеянні суддзі суда Маскоўскага раёна Берасця Рамана Карабана, які яшчэ 7 чэрвеня 2019 прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.
Журналіста тады пакаралі штрафам у памеры 40 базавых велічыняў за «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».
– Справа ў тым, што Яўген Скрабец, чаму ёсць пацверджанне ў матэрыялах адміністрацыйнай справы, на той момант не ведаў пра адміністрацыйную справу ў дачыненні да яго ні ад міліцыі, ні ад судовых органаў.
Даведаўся ён пра атрыманы штраф ажно 31 кастрычніка 2019 года, а гэта амаль праз 5 месяцаў з моманту разгляду. Ён адразу вырашыў абскардзіць дадзеныя дзеянні суддзі і міліцыі ў вышэйшыя інстанцыі, аднак вынікаў гэта не прынесла і штраф прыйшлося сплаціць.
З беларускіх судовых органаў застаецца цяпер зварот у Вярхоўны Суд і калі не будзе выніку і там, то прыйдзецца звяртацца ў міжнародныя інстанцыі, – сказаў журналіст.
Яшчэ вясной 2019 года Яўген Скрабец перадаў неабходныя паперы для атрымання акрэдытацыі ў Міністэрства замежных спраў Беларусі як журналіст замежнага сродка масавай інфармацыі. МЗС тады яму ў акрэдытацыі адмовіла, спаслаўшыся на нейкія парушэнні СМІ ад імя якога ён акрэдытоўваўся.
Беларускае Радыё Рацыя