Вольга Івашына, жонка палітвязня Дзяніса Івашына, вымушана была з’ехаць у эміграцыю пасля арышту мужа. Яна распавядае, як ёй адной даводзіцца тут уладкоўваць жыццё.
Пасля арышту мужа давялося з’язджаць
З Вольгай Івашынай, жонкай палітвязня Дзяніса Івашына, размаўляем за кубачкам гарбаты. Настрой сумнаваты, спадарыні Вользе складана казаць пра перажытае.
Яны жылі з мужам у Гародні, ён быў рэдактарам-валанцёрам беларускай версіі сайта міжнароднай расследвальнай супольнасці InformNapalm, а таксама пазаштатным карэспандэнтам у газеце «Новы час». Дзяніс быў вядомы сваім расследаваннем пра ўплыў «русского міра» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.
Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму за «умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здраду дзяржаве».
Пра сябе спадарыня Вольга сціпла кажа, што па адукацыі эканаміст і да арышту мужа працавала па спецыяльнасці.
-Пасля арышту мужа не было магчымасці працаваць. І мною зацікавіліся так званыя органы, а таму давялося з’язджаць за мяжу.
Мы не хацелі пакідаць краіну
Ёй згадваецца, што арышт Дзяніса быў шокам для ўсяе сям’і, хаця, як прызнаецца, разам неаднойчы абмяркоўвалі такі варыянт развіцця падзей.
-І бацькі Дзяніса былі за тое, каб мы з’язджалі з краіны. Але мы ўпарта не хацелі.
-А чаму вы не хацелі з’язджаць?
-Бо Дзяніс даглядаў бабулю. Ды і ў прынцыпе – чаму мы павінны з’язджаць з сваёй краіны? Нам не хацелася.
Я без яго, але ў думках пастаянна з ім
Пасля арышту Дзяніса пачаліся новыя клопаты. Трэба было насіць перадачы ў вязніцу, дазнавацца які яго стан за кратамі, даводзілася не спаць начамі, думаць…
-Канешне, было шмат нерваў, калі нам блакавалі сувязь, калі не даходзілі лісты, калі не дазволілі ніводнага спаткання да суду. Я дык наагул Дзяніса не бачыла з 12 сакавіка 2021 году, з таго моманту, як яго забралі. Маці бачыла яго пасля абвяшчэння прысуду. І вось нядаўна, мы да апошняга ў гэта не верылі, першага красавіка ёй дазволілі спатканне і яны размаўлялі чатыры гадзіны.
Вольга на хвілінку задумалася, у яе вачах стома, але яна ізноў працягвае казаць.
-Гэты арышт вельмі па здароўі нашым ударыў. Асабліва па бацьках Дзяніса, бо яны ўжо людзі не маладыя. А для мяне самае складанае, што Дзяніса няма і трэба ўсе праблемы вырашаць самой і наагул неяк так уладкоўваць сваё жыццё без яго пры тым, што пастаянна ў думках з ім.
У аўтобусе амаль усе спалі, а я проста залівалася слязьмі
Выязджаць з Беларусі спадарыні Вользе давялося ў складаны час, калі панаваў ковід, патрэбна было рабіць медыцынскую даведку. Да ўсяго, ёй прыслалі позву з КДБ, яна заранёў заключыла дамову з адвакатам на выпадак, калі яе вернуць з мяжы…
-Рэчаў з сабой па мінімуму было, пазней перадавалі са знаёмымі маршруткамі. Грошай таксама было па-мінімуму, бо невядома было ці давезла б я іх. Не было ні тэлефона з сабой, ні кампутара, ды нічога… І вось, калі прайшлі беларускую мяжу і апынуліся на тэрыторыі Польшчы, у аўтобусе амаль усе спалі, бо была ноч, а я проста заліваюся слязьмі і не магу ўявіць, што я буду там рабіць. Мяне там ніхто не чакае, я там нікому не патрэбная, па вялікаму рахунку, еду ў нікуды… Давялося паплакаць, але потым узяла сябе ў рукі.
Беларусы адну мяне не пакінулі
Праўда, пазней у рэальнасці, як згадвае суразмоўца, усё аказалася інакш. Беларусы, якія ўжо жылі ў Беластоку, не пакінулі яе адну.
-Беларусаў, па-першае, тут ужо шмат было. Па-другое, тут сябры і добрыя знаёмыя, якія ад пачатку ўзяліся мне дапамагаць з легалізацыяй і нават кватэру шукалі разам.
Дзянісу дазволена адно тэлефанаванне на месяц
Але галоўным для яе заставалася па-ранейшаму хоць нейкім чынам атрымліваць вестку ад Дзяніса і дасылаць яму словы падтрымкі.
-У асноўным мы падтрымліваем камунікацыю праз лісты, але іх стала складана перадаваць у Беларусь, каб ужо там дасылалі яму. І раз на месяц ён можа тэлефанаваць, але яму даводзіцца выбіраць – альбо мне, альбо маці. Пакуль гэта адзінае, што застаецца, бо на спатканне я паехаць не магу. Першыя 2-3 месяцы ён мне тэлефанаваў, бо ў Магілёўскай калоніі дазвалялася некалькі тэлефанаванняў, а калі яго пачалі кідаць у ШЫЗА, здзекаваліся і перавялі ў турму, то там ужо дазволена толькі адно тэлефанаванне на месяц.
Мы не бачымся, але сувязь паміж намі існуе
-А што ў лістах Дзяніса вы знаходзіце акрамя словаў?
-Заўсёды ягоны настрой – ён такі аптымістычны. Такое ўражанне, што і не знікаў нікуды, сядзіць у суседнім пакоі… Мы не бачымся, таму што не можам, але сувязь паміж намі існуе. Я адчуваю яго эмоцыі і пачуцці, што ён мяне кахае і гэтае каханне толькі ўзмацняецца. Напэўна нашы ворагі меркавалі, што будзе па-іншаму, але так ім не ўдасца.
Ратуе штодзённая праца
-Вольга, вы зусім яшчэ маладая жанчына, пажылі ў сям’і ўсяго некалькі год і як цяпер перажыць адной тое з чым вам давялося сутыкнуцца ў жыцці?
-Ну калі шчыра, то я не ведаю. У мяне няма выбару і штодня даводзіцца з гэтым жыць і нешта рабіць. Немагчыма нічога не рабіць і немагчыма рабіць выгляд, што нічога не адбываецца і ўсё нармальна. А таму штодзённым клопатам, нейкімі звычайнымі справамі не даеш волю эмоцыям і робіш толькі тое, што трэба. Толькі так. Толькі дзеянне на нейкі вынік. Калі ты думаеш, што я нічога не раблю і нічога не змяняецца – тады вельмі блізка будзе да дэпрэсіі і ўжо тады нічога не зможаш ні рабіць, ні жыць. А таму штодзённая праца…
-А хапае сілаў на гэтую штодзённую працу?
- Усе кажуць, што я моцны чалавек, але я гэтага не адчуваю. Напэўна гэта можна толькі з боку бачыць і асэнсаваць. А я проста ў гэтым жыву і ў мяне выйсця няма.
Не будуюцца планы без Дзяніса
Цікаўлюся ў спадарыні, як яна наагул уладкавалася ў Польшчы, пра яе працу, іншыя заняткі.
-Сталай працы няма, а таму ўвесь час у падвешаным стане невядомасці, што будзе заўтра. Гэта нават хутчэй не праз адсутнасць сталай працы, а проста таму, што не хачу. Такое псіхалагічнае адмаўленне нейкай вызначанасці да таго часу пакуль не вызначана ўсё з Дзянісам.
-Але з іншага боку трэба штомесяц плаціць за кватэру, штодня хадзіць у краму. Як з гэтым быць?
- Таму даводзіцца працаваць, часта бяру сезонныя працы. Тут жа заробкі не параўнаць з беларускімі. Ты можаш некалькі месяцаў папрацаваць, а потым некалькі месяцаў за гэтыя грошы жыць і займацца сваімі справамі.
-А нейкія планы выбудоўваеш на будучыню?
- Хіба толькі кароткатэрміновыя, бо больш нічога не думаецца.
Можа не зусім інтэгравалася, але забяспечыць сябе магу
-Ці ўдаецца інтэгравацца ў польскае грамадства, як яно вас успрымае?
-Не скажу, што зусім інтэгравалася, але забяспечыць свой побыт магу і праблемы вялікай у сацыялізацыі не адчуваю. Стаўленне тут да эмігрантаў добрае.
Апроч гэтага Вольга прызнаецца, што спявае ў хоры разам з украінцамі і палякамі, імкнецца па магчымасці браць удзел у беларускіх імпрэзах і наагул марыць вярнуцца ў свабодную Беларусь, каб будаваць у ёй жыццё разам з Дзянісам.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл