- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Белыя – італьянскія, між іншым! – міжпакаёвыя дзверы ад злоснага ўдару толькі лёгка адспружынілі ад сцяны і проста ціха зачыніліся. “Нават тут не змог эфектна”, – хіхікнула пра сябе Воля і падміргнула ўласнаму адбітку. Яна сядзела за сталом перад невялічкім круглым люстэркам і дарабляла макіяж. Ëй падабалася, як яна выглядае. Ну і што, што сёння ёй пяцьдзясят. Ну і што, што муж зноўку зладзіў скандал – гэта ўжо не баліць. Сёння яе свята. Да таго ж – Каляды. Жанчына акуратна склала ўсе слоічкі ды пэндзлікі ў касметычку і схавала ў шуфляду. Пакруцілася трошкі, папраўляючы сукенку, потым нетаропка падышла да ложка. Тут, на яе палове, ляжаў кінуты ім падарунак: чырвоная аксамітная скрыначка расчынілася, адна завушніца вывалілася на посцілку. Воля ўздыхнула: падарунак быў, як і звычайна, зусім не ў яе стылі. Але сяброўкі ацэняць. Асцярожна ўзяла ў рукі, пакратала пальцам каменьчыкі і пачала зашпіляць на сабе. Прыгожая. Дарагая. (фрагмент)