Напярэдадні паказаў свайго новага дакументальнага фільма “Наша Памяць”, прысвечанага трагічным падзеям пацыфікацыі беларускіх вёсак на Падляшшы ў 1946 годзе, наш сённяшні Госць Рацыі рэжысёр Юры Каліна даў эксклюзіўнае інтэрв’ю.
У размове з Вольгай Сямашкай ён падзяліўся сваім бачаннем стварэння стужкі, яе ідэяй і важнасцю захавання гістарычнай памяці пра пацыфікацыю на Падляшшы.
РР: Другога лютага ў Беластоку і Бельску-Падляшскім адбудуцца паказы фільма «Наша Памяць». Таксама існуе аднайменная ініцыятыва. Ці можам мы сказаць, што вы выступілі і рэжысёрам фільма, і ў тым ліку выступаеце сябрам гэтай ініцыятывы.
Юры Каліна: Маю дачынне да ініцыятывы, таму што я таксама там ездзіў. Можна казаць, што і рэжысёр, і сябра.
РР: Сама назва фільма паўстала сугучна гэтай ініцыятыве. То можа некалькі словаў пра саму ініцыятыву, для чаго яна паўстала, калі, якія мэты мусіла вырашаць?
Юры Каліна: Ініцыятыва «Нашая Памяць» – гэта грамадскае ўтварэнне, якое ўзнікла ў 2018 годзе. Тады група людзей, беларусаў і палякаў, палічыла, што трэба захаваць памяць пра нявінныя ахвяры гэтых падзеяў, якія адбыліся ў 1946 годзе на зломе студзеня і лютага на Падляшшы. Я толькі прыгадаю, што тады ўзброены аддзел польскага падполля, якім камандавай капітан Рамуальд Райс (мянушка «Буры») спаліў некалькі беларускіх праваслаўных вёсак, забіў 80 мірных жыхароў гэтых вёсак. Гэта трагічная падзея, хіба адна з найбольш трагічных падзеяў у нашым рэгіёне. І проста людзі розных прафесіяў, журналісты, гісторыкі, археолагі, лекары, палічылі, што трэба захаваць памяць пра гэтыя падзеі, памяць у розным выглядзе. Перш за ўсё захаваць матэрыяльную спадчыну ў выглядзе крыжоў, помнікаў, надмагільных знакаў. Але таксама правесці дакументацыю гэтых месцаў, каб у будучыні папрасіць структуры польскай дзяржавы, каб яны клапаціліся пра захаванне гэтых месцаў. Была ідэя, каб нехта напісаў кнігу, манаграфію пра гэта. Я, паколькі з’яўляюся журналістам і рэжысёрам дакументальнага кіно, палічыў, што варта пра гэта зрабіць і дакументальны фільм. І так здарылася, што гэты фільм атрымаўся.
РР: Як вы самі бачыце цэнтр увагі вашага фільма «Наша Памяць»? Гэта ўсё ж такі падзеі пацыфікацыі? Ці як зараз людзі, якія тут жывуць, спрабуюць гэтую памяць аднавіць?
Юры Каліна: Я пачаў здымкі да гэтага фільма роўна 30 гадоў таму. Таму што ў 1995 годзе я стаў супрацоўнікам варшаўскага асяродка тэлебачання. Тады ў рамках варшаўскага асяродка тэлебачання мы рабілі невялікую беларускамоўную праграмку. Яна называлася «Тэлевізійны кур’ер крэсовы. Беларускі выпуск». Гэта, дарэчы, была першая праграма ў гісторыі польскага тэлебачання на беларускай мове. І тады пачаўся працэс аднаўлення памяці пра гэтыя трагічныя падзеі. І ў 1995-1996 гадах сем’і забітых аддзелам «Бурага» пачалі шукаць месцы, дзе яны былі пахаваныя. Яны 40 гадоў не ведалі, дзе яны былі пахаваныя. Перш за ўсё гэтыя вазакі, якіх забілі ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы. Тады пачалі ладзіцца паломніцтвы на Вялікдзень і ў іншыя дні. І я проста меў нагоду, ездзіў з камерай і здымаў тое, што адбывалася. Штосьці паказваў у перадачы «Беларускі тыдзень». І затым, калі стварыўся Беластоцкі тэлевізійны цэнтр, нават зрабіў адзін ці два такія рэпартажы для Першага канала польскага тэлебачання. І здымкаў накапілася за гэтыя 30 гадоў настолькі многа, і я б сказаў, унікальнага матэрыялу, што калі пачалася гэтая ініцыятыва «Нашая Памяць» у 2018 годзе, я палічыў, што варта працягваць здымаць, каб пасля ў выніку атрымаўся манаграфічны фільма. Мне падаецца, што яго галоўная ідэя ў тым, што ён дакументуе для гісторыі самыя важныя факты гэтага працэсу, які праходзіў на працягу 30 гадоў.
Цалкам размова - у далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя
Перадпрэм’ерны паказ фільма “Наша Памяць”: 02.02.2025, 14.30, 18:00, кінатэатр «Форум», Беласток, квіткі ў касах кінатэатра.
Прэм’ера на тэлеканале «Белсат»: 02.02.2025, 16.00, 18:00.
Спецпрагляд: 02.07.2025, 18.00, Асяродак культуры ў Бельску-Падляшскім.