Юрась Губарэвіч: На самым версе сядзіць чалавек, які ўсім надакучыў
2020-06-08 14:33
У складаных умовах працягваецца збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Хаця некаторыя з іх і не хаваюць, што подпісаў не збіраюць.
У перадвыбарчую кампанію яны паставілі іншыя мэты. Якія?
Пра гэта ў размове „Госць Рацыі”, старшыня Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча з Генадзем Барбарычам:
– Акцэнт не на зборы подпісаў, а на выкарыстанні чатырох тыдняў легальнай выбарчай кампаніі, каб падняць важныя пытанні і праблемы, якія ёсць сёння ў Беларусі, каб людзі мелі настрой на перамены. Ён складаецца не толькі з таго, што на самым версе сядзіць чалавек, які проста ўжо ўсім надакучыў, але і з тых канкрэтных дзеянняў, якія ёсць у кожным горадзе Беларусі, якія робіць сённяшняя ўлада. Гэтыя дзеянні скіраваныя супраць інтарэсаў грамадства, яны ўплываюць на жыццё, уплываюць на экалогію, уплываюць на здароўе. Напрыклад, мы выстаўлялі пікет каля завода акумулятарных батарэй у Берасці, гэта праблемная кропка, якая ўжо не першы год з’яўляецца такім мазалём для Берасця. Людзі выходзяць, пратэстуюць кожны тыдзень. Таксама быў пікет каля Міністэрства аховы здароўя, дзе мы казалі пра праблемы звязаныя з каронавірусам. Была перададзена петыцыя. Яшчэ пікет каля Беларускай АЭС, якую хутка ўвядуць у эксплуатацыю. Гэта чарговая пагроза для ўсёй Беларусі, не толькі для таго канкрэтнага рэгіёна. Гэта тыя рэчы, якія мы ўздымаем і агучваем у часе кампаніі, а рэгістрацыя ініцыятыўнай групы дазваляе рабіць гэта ў бяспечным рэжыме. Інакш, гэта затрыманне, гэта штрафы, гэта суткі. Зараз гэты месяц мы мусім працаваць па ўсёй Беларусі, мы гэта робім, каб людзі абуджаліся і разумелі, што ад тых рашэнняў, якія прымае ўлада, залежыць іх здароўе і жыццё.
Юрась Губарэвіч распавёў пра стратэгію дзеянняў Руху „За свабоду” у час прэзідэнцкай перадвыбарчай кампаніі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск