Ева Вежнавец: шчыра пра беларускіх мужчын і жанчын, літаратуру, страхі і таямніцы
2025-03-06 12:22
Напярэдадні выхаду першага польскамоўнага перакладу сваёй аповесці “Па што ідзеш, воўча?” Святлана Курс, лаўрэат прэміі Гедройця за 2021 год, якая піша пад псеўданімам “Ева Вежнавец”, дала адкрытае інтэрв’ю для “Рацыё Рацыя”, дзе падзялілася асабістымі разважаннямі пра жыццё, людзей, беларускую культуру і літаратуру.
Разам з журналісткай Вольгай Сямашка пісьменніца абмяркоўвае не толькі містыку і фальклор у сваім рамане, але і глыбінныя перажыванні беларускіх мужчын і жанчын, якія сутыкаюцца са сваімі страхамі і таямніцамі. Будзьце гатовыя да размовы, поўнай адкрыццяў: пра тое, што хаваецца за «ваўком» у рамане, як мінулае працягвае ўплываць на нас і ці можна гэтаму супрацьстаяць.
РР: Раскажыце, калі ласка, пра прэзентацыю, якая рыхтуецца ў Польшчы, пра кнігу. Гэта, як я зразумела, пераклад?
Святлана Курс: Безумоўна, новую кнігу яяшчэ на беларускай не выдала. Гэта кніга “Па што ідзеш, воўча?”, перакладзеная геніальна, не пабаюся гэтага слова, польскай перакладчыцай Малгажатай Бухальке і аформлена таксама геніяльна спадарыняй Аляксандрай. Гэта будзе прэзентацыя ў новым Музеі сучаснага мастацтва 13 лютага ў Варшаве а 18.00. Так што запрашаю ўсіх прыйсці. Будзе праводзіць сустрэчу ў якасці мадэратаркі вядомая перакладчыца са шведскай мовы і на шведскую з польскай, літаратурная перакладчыца, літаратуразнаўца і вялікая падарожніца Юстына Чахоўская.
РР: Як вы стваралі гэты раман і ці чакалі, што будзе такі попыт?
Святлана Курс: Я чакала, што гэтая кніга мне хутчэй прынясе ганьбу, чым поспех альбо маўчанне чытацкай публікі. Усё, што здарылася потым, шчыра скажу, было для мяне нечаканасцю. Але адзін з маіх першых чытачоў сказаў, што гэтая кніга зменіць ваш лёс. Гэтая кніга неасабліва змяніла мой лёс, але яна дала мне шмат матэрыяльных і маральных бонусаў.
РР: Ці можам мы казаць пра тое, што мы зрабілі даволі смелы для літаратуры крок, калі мы не толькі працуем з траўмамі мунулага, са спадчынай, якая нам засталася вялізная і прыгожая, але і з тым, што чалавек, які жыве для Беларусі ў тым ліку, мае залежнасці і спрабуе ў сабе перамагчы таго ж ваўка і такім чынам рухацца наперад.
Святлана Курс: Думаю, што гэта смелы крок і крок неабходны. Доўгі час існавала такое меркаванне, што ва ўмовах пастаяннай акупацыі, пастаяннага знішчэння мы павінны пісаць толькі пра высакародныя павучальныя рэчы. Я лічу, што гэта падыход абсалютная мяртвяцкі, які ўсё забівае. Самае лепшае жыць так нібыта ты жывеш у нармальных умовах. Таму што ў нейкім сэнсе мы жывём усё ж такі ў нармальных умовах, чалавечае заўсёды застаецца чалавечым, пад якім ціскам яно б не адбывалася. І толькі праўда з’яўляецца цікавай, і толькі поўная чалавечнасць з’яўляецца важнай. А чалавек цалкам пазбаўлены ценяў не існуе, такіх людзей не бывае. Ёсць прасветленыя, напэўна, святыя, але Бога-чалавека я ніколі не бачыла.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Прэзентацыя польскамоўнага перакладу аповесці “Па што ідзеш, воўча?” – “O wilku mówiono w izbie” – адбудзецца 13 сакавіка а 18-й у Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Святланы Курс