Яўген Свідуновіч: Зацікаўленасць да краязнаўства пачалася са старых здымкаў Берасця
2020-12-28 20:52
Хто зараз займаецца краязнаўствам на Берасцейшчыне? Якія крыніцы даступныя? З чаго варта пачынаць? Якія тэмы могуць быць актуальнымі?
Адказы на такія пытанні шукалі ў размове з сённяшнім „Госцем Рацыі” – берасцейскім гісторыкам Яўгенам Свідуновічам.
РР: Як Вы прыйшлі да краязнаўства? З чаго ўсё пачыналася?
Яўген Свідуновіч: Калісьці напрыканцы 80-х – пачатку 90-х я займаўся фатаграфіяй у этнафотагуртку. І аднойчы я знайшоў фотастужку, на якой былі рэпрадукцыі старых фотаздымкаў Берасця. Такіх, што за царскім часам, за польскім. Мяне вельмі ўразіла, што я ўпершыню пабачыў, што Берасце ў розныя перыяды свайго жыцця выглядала неяк інакш, чым цяпер. Магчыма, з гэтага і пачалася мая зацікаўленасць да краязнаўства. Я пачынаў з таго, што шукаў што гэта за вуліцы, як яны называліся тады, якую яны маюць назву цяпер. Нейкі час хадзіў з фотаапаратам па гэтых вуліцах і рабіў для сябе калажы: як цяпер выглядае з гэтага месца і з гэтага ж месца як вуліца выглядала ў той час.
А далей шукаў кнігі і далей развіваўся ў гэтым кірунку. У нулявых да мяне патрапіла мапа Берасця, на якой яно было да будаўніцтва Берасцейскай крэпасці. Нам казалі яшчэ ў школе, што Берасце было на тым месцы, дзе крэпасць. Крэпасць збудавалі і Берасце перанеслі на два кіламетры на ўсход. Што там было? Была нейкая „белая пляма”. А тут пабачылі кляшторы, што там жылі людзі. І гэта была не „белая пляма” – гэта была Венецыя на Бузе і Мухаўцы. І з цягам часу, магчыма, з узростам пачаў разумець, што твае карані з Палесся, яксьці зацікавіўся яшчэ і Палессем. Людзьмі, якія жылі там, творчымі людзьмі.
Яўген Свідуновіч звярнуў увагу, што апошні час тэма краязнаўства набірае большую папулярнасць. Гэта звязана з актывацыяй грамадскіх, палітычных і культурніцкіх рухаў у рэгіёне.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле.
Гутарыла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя Фота з Фэйсбук