Яўген Філімонаў: Кожны можа выбраць месца прыборкі па ўласным жаданні
2020-06-03 20:05
Міжнародная экалагічная акцыя па прыборцы ад смецця берагоў Нёмана пройдзе з удзелам гарадзенцаў.
У акцыі прымуць удзел жыхары краінаў, праз якія прабягае „сіняя стужка” ракі Нёман – Беларусі, Летувы, Расейскай Федэрацыі.
Кіраўнік арганізацыі „Экаманіторынг” па Гарадзенскай вобласці Яўген Філімонаў спадзяецца, што, нават нягледзячы на пандэмію, ёсць магчымасць дапамагчы прыродзе, а таксама паўплываць уласным прыкладам на рост побытавой культуры беларусаў.
– Улічваючы, што ў межах нашага горада смецця не так шмат і нашыя гарадзенцы з кожным годам усё лепш і лепш адносяцца да таго, каб збіраць за сабой і смецце не пакідаць, кожны можа выбраць месца па ўласным жаданні. Асноўная мэта – не вынесці гэтае смецце з берага, а данесці да людзей, што нельга яго там пакідаць.
У акцыі, падчас пандэміі каронавіруса ўдзельнікі акцыі, якая называецца на міжнародны манер „River Cleanup”, рэкамендавана паўдзельнічаць у зборцы смецця індывідуальна, 6-га чэрвеня.
Падчас акцыі арганізатары просяць рабіць фотаздымкі ўчасткаў да і пасля прыборкі, пазначыўшы фоты хэштэгамі #ekomonitoring i #rivercleanup, і апублікаваць на сваіх сацыяльных сетках. Гісторыя акцыі пачалася з Рэйну, калі нямецкія экаактывісты ў 2017 годзе правялі ачыстку гэтай ракі.
Паводле дадзеных мінулага году, у падобнай экалагічнай акцыі прымала ўдзел ужо каля сарака тысячаў чалавек. І гэта – з розных краінаў Еўразіі. Тады было ачышчаны ўзбярэжжы дзесяцёх рэк.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя