- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзень быў гарачы і парны, аж не хапала чым дыхаць, неба зацягвала смуга, мусіць, збіралася на дождж. А ён быў вельмі патрэбны, бо зямля на градах у гародчыках, што былі тут скрозь, каля кожнага дома, зусім высахла. Пажаўцеў гурочнік, рудзелі, толькі завязаўшыся, памідоры, не раслі, скручваўся ліст на яблынях. Ніна ішла з работы, думаючы, што вельмі патрэбен дождж, што калі пойдзе сёння, дык не трэба будзе загадваць Толю, старэйшаму сыну, насіць ваду і паліваць грады. Толя не вельмі каб з ахвотаю рабіў гэту работу, ды яно добра было б і не ганяць хлопца — апошнія дні дома, восенню пойдзе ў армію, хай бы пагуляў. Але ж бацька і вечарамі заняты, як паставілі яго дырэктарам завода, дык ні выхаднога яму, ні свята. То нейкія вагоны прыбываюць на станцыю, і трэба іх разгружаць, то нешта «выбівае», то ў Мінск да начальства едзе. Дома амаль не стыкаецца, памочнік цяпер з яго ніякі. (фрагмент)