Якая Канстытуцыя патрэбная Беларусі — дыскутуюць Баграцоў і Пастухоў
2021-03-15 15:32
Чыю палітычную волю увасабляе праект Канстытуцыі Ціханоўскай-Лябедзькі? Якая пазыцыя наконт гэтага праекту іншых суб’ектаў палітычнага працэсу? Якія паўнамоцтвы павінен мець прэзыдэнт Беларусі? Наколькі ўдалая фармулёўка, у якой праект вырашае пытаньне статусу моваў у дзяржаве?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць юрыст, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў і ІТ-прадпрымальнік, чалец Каардынацыйнай Рады Максім Баграцоў.
Баграцоў Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а экспэрты, такія як Міхаіл, застаюцца.
У нас ёсьць улада, абсалютна зразумела якая. Ніхто нашую Канстытуцыю не чакае. І сёньня няма ніякай каардынацыі паміж канстытуцыйным працэсам, абвешчаным Лукашэнкам, і тым, што рабіла група пад кіраўніцтвам Лябедзькі.
Праект, распрацаваны пад кіраўніцтвам Лябедзькі — гэта прадмет абмеркаваньня, гэта не фінальны варыянт штабу Ціханоўскай.
У розных групаў будуць розныя падыходы жа шэрагу пытаньняў, скажам, да сьмяротнага пакараньня ці да бел-чырвона-белага сьцягу.
З самай добрай Канстытуцыяй можа спалучацца кепскае праваўжываньне.
Я чуў, што Канстытуцыя 1994 году ў значнай ступені запазычыла прынцыпы Канстытуцыі ЗША.
Але важная ня толькі літара закону, Канстытуцыі, але і каштоўнасьці насельніцтва.
У ЗША за 26 гадоў былі прэзыдэнты Клінтан, Буш, Абама, Трамп, вось зараз Байдэн, а ў нас увесь гэты час адзін Лукашэнка.
Я ўпэўнены, што сёньня беларускі народ патрабуе, каб у краіне панавалі дэмакратычныя прынцыпы, каб парлямэнт меў рэальную ўладу.
У апытаньні «Голасу» наконт прынцыпаў Канстытуцыі ўзялі ўдзел прыкладна 500 тысячаў чалавек.
Самыя вялікія супярэчнасьці былі наконт пытаньня аб статусе моваў.
Гэта зрэз меркаваньня ладнай часткі насельніцтва Беларусі.
Канстытуцыя павінная ўключаць у сябе палажэньні, якія нас абʼядноўваюць.
Тыя, хто прыняў удзел у галасаваньні на «Голасе» — гэта пратэстная аўдыторыя.
За дзьве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 82%, за дзяржаўнасьць адной беларускай мовы — 17%.
Давайце не ўцягваць у палітыку тыя пытаньні, якія нас разьядноўваюць, а не абʼядноўваюць.
Трэба зрабіць так, каб чалавек, які гаворыць па-беларуску, не адчуваў сябе ў Беларусі чужым. Але ня трэба рабіць чужымі астатніх.
Беларуская мова не павінная быць дыскваліфікаваная, павінная быць магчымасьць камунікаваць зь дзяржаўнымі органамі на беларускай мове.
Але фактычна большая частка насельніцтва краіны сёньня камунікае на расейскай.
Такія пытаньні ўводзяць нас ад асноўных пытаньняў парадку дня — дэмакратыі і дабрабыту.
Пастухоў Я чалец грамадзкай канстытуцыйнай камісіі, я намесьнік старшыні камісіі — Мечыслава Грыба, Анатоль Лябедзька таксама быў намесьнікам старшыні.
У далейшым нашыя падыходы разышліся, я быў за тое, каб вярнуць Канстытуцыю 1994 году, на яе аснове правесьці выбары ў парлямэнт — Вярхоўны Савет.
Лябедзька, як прадстаўнік Ціханоўскай, выступіў за тое, каб падрыхтаваць новую Канстытуцыю на базе Канстытуцыі 1994 году.
Я гэты падыход не падтрымаў.
Чальцы групы Лябедзькі кажуць, што калі іх прапановы будуць прынятыя, палітычная пабудова Беларусі будзе падобнай на Літву ці Польшчу.
З 26 паўнамоцтваў, якія меў прэзыдэнт паводле Канстытуцыі 1994 году, у праекце Лябедзькі пакінулі 23, па вялікім рахунку ўсе асноўныя паўнамоцтвы засталіся.
Пры рэалізацыі гэтага праекту Беларусь будзе заставацца моцнай прэзыдэнцкай рэспублікай.
Я аддаю перавагу інстытуту прэзыдэнта з вузкім колам паўнамоцтваў, якога можа абіраць парлямэнт.
Рэфэрэндум стаў інструмэнтам маніпуляцыі ў руках улады.
Але і цяпер група Лябедзькі выступае за прыняцьцё Канстытуцыі на рэфэрэндуме, гэта абсурд.
Канстутуцыю павінен прымаць парлямэнт.
Я выступаю супраць двухмоўя, дзяржаўнай мовай у Беларусі павінная быць адна беларуская мова.
Так было напісана і ў Канстытуцыі 1994 году, і ў дэклярацыі ад сувэрэнітэце, і ў законе аб мовах.
Кожны супрацоўнік дзяржапарату павінен валодаць беларускай мовай, расейская мова павінная застацца мовай міжнацыянальных зносінаў.
Гэтае пытаньне нельга адкладаць на будучыню, інакш беларуская мова можа адмерці.
Мы павінныя ратаваць беларускую мову.