Як прайшлі «Маршы суседзяў» на 113-ты дзень пратэстаў супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў
2020-11-29 18:04
У розных раёнах Менску адбыліся дзясяткі маршаў пратэсту. У іх прынялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. У самых буйных маршах удзельнічала па некалькі тысяч чалавек.
Сілавікі езьдзілі па Менску на аўтобусах і разганялі людзей, але тыя зноў фармавалі калёны на бліжэйшых вуліцах. Разагнаць усе маршы яны не змаглі.
Сілавікі ўжывалі сьвятло-шумавыя гранаты і газ у Менску і Менскім раёне. Паведамляецца аб некалькіх пабітых дэманстрантах, якія страцілі прытомнасьць ля мэтро «Пушкінская», на Партызанскім праспэкце, ля гандлёвага цэнтра «Рыга» ў Менску.
Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Берасьці, Горадні, Гомлі, Магілёве, Віцебску, Жодзіне, Смалявічах, Дзяржынску, Бараўлянах, Радашковічах, Ляхавічах і іншых гарадах.
На гэты момант праваабаронцам вядома 170 імёнаў затрыманых.