«Я выходжу». Выйшаў дакумэнтальны фільм пра пратэсты ў Менску
2020-12-06 16:12
Беларускія дакумэнталісты Дар’я Дземура, Максім Швед і Кацярына Ігнашэвіч зьнялі дакумэнтальны фільм пра пратэсты ў Беларусі.
«Я выходжу» — гэта апошнія словы маладога менчука Рамана Бандарэнкі ў тэлеграм-чаце перад тым, як ён адправіўся на вуліцу, каб спыніць невядомых людзей у цывільным, якія зрывалі бел-чырвона-белую сымболіку на «Плошчы пераменаў» у Менску. Бандарэнка быў зьбіты і вывезены невядомымі, а затым дастаўлены ў бальніцу і там памёр. На пахаваньне Бандарэнкі ў Менску прыйшлі тысячы людзей, словы «Я выходжу» сталі лёзунгам пратэстаў. Пра гэта фільм Дар’і Дземуры, Максіма Шведа і Кацярыны Ігнашэвіч, зьняты для рускай службы Свабоды.
Адна з удзельніц пратэстаў, Вольга зь Менску, якая працуе ў IT-сэктары, кажа пасьля чарговага разгону мірнага шэсьця сілавікамі: «Мне, напэўна, страшна, [толькі] калі я іх ужо бачу. То бок, калі іх няма ў поле зроку ці яны далёка — не, не страшна. Але калі яны кідаюць ужо гранаты ці ты чуеш, што яны страляюць, і асабліва, калі бяжыш — ты ня бачыш, што ззаду, не разумееш, яны ў пяці мэтрах ад цябе ці ў кілямэтры. Але трэба ўсім сабрацца — паказаць, што мы пераможам».
Іншая ўдзельніца пратэстаў, пэнсіянэрка Людміла, амаль усё жыцьцё (ёй пад 70) працавала на менскіх прадпрыемствах. У яе двое дзяцей, чацьвёра ўнукаў, а зараз і праўнук: "Спачатку было страшна, а цяпер ня страшна. Мы цяпер не баімся да іх [сілавікам] падыходзіць, нават калі вадамёт або страляюць. Былі мы пад абстрэламі. Ён стрэльнуў, а мы ўдваіх стаялі, дзьве пэнсіянэркі, курткі расшпілілі: «На, страляй у маму. Хочаш у маму страляць? «Ён уверх стрэльнуў. Чым больш сустракаюся з АМАПам і гэтымі аўтазакамі, тым больш сьвету. Ёсьць адчуваньне перамогі, але калі — мы ня можам сказаць дакладна».
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
Раман быў у крытычным стане.
ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.