- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мая першая сустрэча з Дар’яй Ліс адбылася ў 2009 на літаратурным семінары “Бязмежжа” на Падляшшы. Голас чула раней, у радыёперадачах, чысты, па-дзіцячаму цёплы, смяшлівы. Траплялі ў поле зроку і яе вершы, таксама чыстыя, светлыя, вельмі аптымістычныя і нейкія такія натхнёныя, не ўмею нават акрэсліць чым і як. Чытаючы яе версэты, слухаючы фельетоны заўсёды усплываў мне перад вачыма вобраз Ніны Мацяш. Не разумела, чаму такія асацыяцыі, мо таму, што такая самая уражлівасць прасочвалася ва ўсім, што стварае Дар’я, мо такая ж цеплыня і дабрыня выпраменьваліся ад яе твораў? Гэтую ўражлівасць і маю падсвядомую асацыятыўнасць зразумела, сустрэўшыся з Дар’яй. Такая ж поза, такі ж сродак транспарту, такі ж лёс і такая ж нязломная упэўненасць у вачах. Хвароба прыкавала да інвалідзкага вазка, але не забрала ахвоты жыць, ствараць, насаджаць дабро. Вясновы Jazz - пад адной вокладкай сабраны вершы і апавяданні Дар’і. Чытаючы іх раскрываеш душу дзяўчыны, яе мары, яе жыццёвыя планы, яе непакой за лёсы краіны. І так, як у Ніны – няма асуджэння, толькі спроба зразумець. (Н.Г.)