Віртуальны фестываль, дзень першы: у Мінску адкрыліся юбілейныя «Вершы на асфальце»
2021-02-13 12:19
У Мінску прайшоў першы дзень онлайн-фэсту "Вершы на асфальце". У сувязі з пандэміяй юбілейны Х Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова перайшоў на трансляцыю ў Youtube.
Адкрыў трансляцыю Андрэй Такінданг з сябрам-акардэаністам, і адразу
надаў падзеі бадзёрае гучанне, нягледзячы на вакольныя завеі, люты і
кепскія навіны. Гэтак жа, як свята, трактавалі фэст у прывітальных словах старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч і намеснік старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч. Чыталіся вершы Стральцова, чыталіся вершы мінулагодніх гасцей фэсту, а іх, з перакладамі, ужо можна выдаваць і асобнай анталогіяй, бо за дзесяць год фестываль прыняў добрую сотню вядомых паэтаў з усяго свету.
Фэст таксама прывіталі кіраўніцы замежных літаратурных арганізацый. Свой зварот, ліст да беларускіх літаратараў напісала старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў Грэт Ротбёль (яго агучыў у відэа намеснік старшыні Ёрген Гасілеўскі, а пераклад на беларускую -- Усевалад Сцебурака). А таксама на фэсце прагучала добрае слова ад старшыні Літоўскага саюза пісьменнікаў Бірутэ Янушкайтэ, зварот і вершы прачытала ў сваім перакладзе Сюзанна Паўкштэла.
Наступнай важнай падзеяй была цырымонія ўзнагароджання Літаратурнай прэміяй Міхася Стральцова. Штогод яе, пад кіраўніцтвам удавы пісьменніка Алены Дзмітрыеўны Стральцовай прысуджае журы ў складзе Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Міхася Скоблы і Аксаны Спрынчан. Лаўрэат атрымлівае прыз ад сям'і пісьменніка, дыплом і новую кнігу ад СБП. Сёлетняй лаўрэаткай стала
.
Наста Кудасава Кніга
"Вясна. Вуснам цесна" выйшла літаральна ў самы дзень фэсту, і была сапраўды свежай і пахучай.
Без асаблівых перапынкаў дзень працягнуўся ўручэннем прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў». У намінацыі "Паэзія" пераможцам стаў Міхал Бараноўскі, у намінацыі "Проза" -- Сяргей Рублеўскі, у "Дэбюце" -- паэтка Кася Іофе, якая даслала вершы ў відэафармаце, бо зараз знаходзіцца ў Польшчы.
Завершыўся першы дзень фэсту выступамі лаўрэатаў прэмій 2020 года і новых лаўрэатаў (Міхала Бараноўскага, Насты Кудасавай, Ігара Кулікова, Андрэя Хадановіча) і сяброў журы Прэміі Стральцова (Аксаны Спрынчан, Міхася Скоблы, Уладзіміра Някляева).
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"