Віктар Бабарыка: Я палічыў сваім абавязкам прыняць такое рашэнне
2020-05-15 22:44
Былы кіраўнік Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка, які нечакана заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, падаў у Цэнтрвыбаркам спісы сваёй ініцыятыўнай групы.
У ёй пакуль больш за 5 тысячаў 500 чалавек, але, па словах Віктара Бабарыкі, ён спадзяецца, што атрымаецца яшчэ даставіць удакладненыя спісы ініцыятыўнай групы, у якіх больш чым 7 з паловай тысячаў чалавек.
Віктар Бабарыка вельмі сцісла адказаў на пытанні журналістаў аб матывах яго вылучэння:
– Я на выбары іду выбірацца ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. І я веру, што ім стану, каб зрабіць Беларусь лепшай. Я думаю, што такая матывацыя ў любога чалавека, хто жыве ў Беларусі. Вельмі рад, што ў Беларусі праяўляюць цікавасць да выбараў. РР: Выбары падчас пандэміі, ці не занадта рызыкоўна? – Рашэнне пра выбары прымаю не я, і таму, калі яны прыняты, то я палічыў сваім абавязкам прыняць такое рашэнне.
Па словах Віктара Бабарыкі, ён доўга вагаўся, ці вылучацца кандыдатам у прэзідэнты, і канчатковае, 100-працэнтнае рашэнне прыняў у мінулы панядзелак, 5 дзён таму. Ён улічвае рызыкі выбарчай кампаніі падчас пандэміі каронавірусу і пастараецца забяспечыць максімальную бяспеку для ўсіх, хто, па яго словах, дасць яму магчымасць удзельнічаць у гэтых выбарах.
Беларускае Радыё Рацыя