- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Янка Купала - нарадзіўся 07 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка Вілейскага павета (цяпер Маладэчанскі раён Менскай вобласці) у сям'і арандатара. Сапраўднае імя - Луцэвіч Іван. У 1898 г. скончыў Беларуцкую народную навучальню. Пасля смерці бацькі (1902) год працаваў на гаспадарцы, потым - хатні настаўнік, пісар у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшы прыказчык у памешчыка ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкант і памочнік вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Менскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладэчаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905-1908), супрацоўнік «Нашай нівы» і адначасова бібліятэкар бібліятэкі «Веды» Б. Л. Даніловіча (Вільня, 1908-1909). У 1909-1913 гг. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. С. Чарняева ў Пецярбургу. З кастрычніка 1913 г. зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914-1915). У верасні 1915 г. выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. У студзені 1916 г. прызваны ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Менску, Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. У 1919 г. пераехаў у Менск, дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, у пасёлку Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў 28.06.1942 г. у Маскве. Урна з прахам перавезена ў Менск у 1962 г.