- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Вушацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1954 г. скончыў Вушацкую сярэднюю школу, у 1959 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданнях (сярод іх – газета "Советская Белоруссия", часопісы "Бярозка", "Полымя"), а таксама ў выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". Першыя вершы Рыгора Барадуліна з’явіліся ў друку ў 1953 г. (газета "Чырвоная змена"). Першы зборнік паэзіі – "Маладзік над стэпам" – выйшаў у 1959. Агулам плён працы паэта налічвае больш за 70 зборнікаў лірыкі, гумару, вершаў для дзяцей, перакладаў, кніг эсэ і ўспамінаў. Таксама пабачылі свет 23 зборнікі паэзіі перакладаў з іншых моваў. Сярод іх творы Адама Міцкевіча, Караля Вайтылу, Пушкіна, Байрана, Брэхта, Гарсія Лоркі, Яна Райніса, Шагала, Вазнясенскага, Драча, Паўлычкі. Вершы самога Рыгора Барадуліна перакладаліся на дзесяткі моваў свету.