- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Выйшаў з друку пяты нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Як заўсёды ў нумары багата прадстаўлены раздзел "Паэзія". Тут друкуюцца вершы Марылі Шлык, Валера Прычынца, Марысі Суша, Глеба Лабадзенкі, Надзеі Філон, Насты Грышчук, Таццяны Мацюхінай. Паэтычным майстэрствам з маладымі творцамі дзеліцца Генадзь Бураўкін. Проза прадстаўлена творамі Марыны Яўсейчык, Сяргея Прывалава, Ганны Старыковіч, Сяргея Белаяра, Паліны Качатковай, Алеся Наварыча. Аб чым мараць жанчыны, можна даведацца, прачытаўшы эратычную фантазію маладога драматурга Мюра Фарыдовіча. "Пярсцёнак песні" -- пад такім назовам у нумары друкуецца паэтычная нізка Багдана-Ігара Антоныча, вершы якога з украінскай мовы пераклаў Сяргей Законнікаў. Крытыка прадстаўлена востра-палемічным артыкулам Рыгора Сітніцы "Развагі нязгоднага быць хобітам..." У гэтым жа раздзеле можна прачытаць гутарку Асі Паплаўскай з кіраўніком Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat. org Яраславам Іванюком, а таксама "неспарадкаваныя абрыўкі думання" Ніла Гілевіча, фацэцыі Уладзіміра Сіўчыкава, падарожныя нататкі Раісы Крывальцэвіч. Анатоль Трафімчык разважае над зместам кнігі Таццяны Сівец "Таму, хто знойдзе". Ганна Новік робіць агляд гомельскага самвыдату. Пра сакрэты творчасці з музыкамі папулярных гуртоў " PANaNieba" і "ZIGZAG" размаўляе Альдона Мартыненка. І ўжо традыцыйна заканчваецца нумар "CD-калекцый" вядомага музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.