Вераніка Іванова: Як было раней – ужо не будзе ніякім чынам
2020-12-08 15:57
У Беларусі чацвёрты месяц трываюць паслявыбарчыя пратэсты. За гэты перыяд, па падліках праваабарончай супольнасці, было затрымана каля 32 тысяч удзельнікаў мірных акцый і 159 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі.
На думку праваабаронцы з Пінску Веранікі Івановай, праз рэпрэсіі дзейная ўлада імкнецца толькі да аднаго – вярнуць усё, як было да 9 жніўня:
– Патрабаванні людзей, якія пратэстуюць, дастаткова простыя і змяшчаюцца ў чатыры пункты – вызваленне палітзняволеных, спыненне гвалту, сыход былога прэзідэнта з палітычнай арэны і правядзенне новых выбараў. Матывацыю тых, хто спрабуе нас разганяць, думаю, што ў такія пункты не змесціш. І больш таго, думаю, што яны над гэтым не задумваюцца. Можа, можна сказаць, што яны хочуць, каб стала, як было, але так, як было, ужо не будзе, ніякім чынам.
Праваабаронца дадае, што ўжыванне сілы не прынесла ўладам выніку, якога яны чакалі, пратэст уся адно застаўся на вуліцы, але змяніў фармат. Галоўнае, што перамены ўжо адбыліся ў светапоглядзе грамадзян, – кажа Вераніка Іванова.
Беларускае Радыё Рацыя