У Варшаве прэзентуюць дзіцячы інтэрактыўны спектакль «Уладзімір Караткевіч і Дзіва аднавокае», створаны па ўнікальных казках пісьменніка. Імпрэза адбудзецца ў суботу, 14 лютага, у Акадэміі добрай адукацыі.
Пра пастаноўку, актуальнасць класікаў і цяперашнюю працу тэатральных дзеячаў у эміграцыі Госць Рацыі — акцёр і рэжысёр Васіль Дранько-Майсюк — распавёў журналістцы Беларускага Радыё Рацыя Марыне Савіцкай.
РР: У вас хутка будзе прэм’ера. Распавядзіце, калі ласка, чаму вы зноў звяртаецеся да тэмы Караткевіча.
Васіль Дранько-Майсюк: Мы звяртаемся да тэмы
Караткевіча, таму што вельмі любім гэтага пісьменніка. Таму што ён з аднолькавай пераканаўчай радасцю і дынамікай працаваў як для дзяцей, так і для дарослых, як для прыхільнікаў дэтэктываў, так і для прыхільнікаў меладрам. Ён яшчэ шыкоўны казачнік. Не так даўно ў нас з Аленай Баяравай была прэм’ера спектакля «Жарсці Караткевіча». А зараз ужо ў нас новы прэм’еры паказ. Гэта будзе спектакль пад назвай «Уладзімір Караткевіч і Дзіва аднавокае». Назва паводле казкі «Мужык і Дзіва аднавокае», адна з ранніх малавядомых казак Уладзіміра Караткевіча, якую мы будзем тут разыгрываць.
Мы будзем паказываць не толькі гэтую казку, мы з Аленай Баяравай тут нібыта купцы, гандляры, мы прыехалі аднекуль з Візантыі шляхам «грэкі ў варагі», і дзецям не толькі тавары прадстаўляем, але яшчэ і казкі. Мы расказваем дзівосныя казкі, якія пачулі ад самога Караткевіча, і там будзе і мужык, і Дзіва аднавокае, і лебядзіны скіт, і, канешне, чортаў скарб, і шмат чаго яшчэ. А таксама дзетак будуць чакаць файныя гульні, жарты, розыгрышы і іншыя цікавосткі.
РР: Адметна, што гэта далёка не першая вашая пастаноўка, якая звяртае ўвагу на творчасць Уладзіміра Караткевіча. Чаму засяродзіліся менавіта на гэтым пісьменніку? І ці не было канкурэнтаў?
Васіль Дранько-Майсюк: Канкурэнтаў у нас, на жаль, ці, на шчасце, няма. Я не ведаю яшчэ аднаго беларускага тэатра ў Польшчы, і нават увогуле ў Еўропе, які ставіў бы дзіцячыя спектаклі паводле казак Каратеквіча. Мы з Аленай, па-мойму, адзіныя. І калі быў юбілей Караткевіча ў лістападзе мінулага году, таксама, па-мойму, мы адзіныя, хто паставіў спекталь, прысвечаны гэтаму пісьменніку. Ці я памыляюся?
РР: Ёсць у нас яшчэ тэатральная студыя «Купалінка», якая таксама звярнула сваю ўвагу на творчасць Караткевіча.
Васіль Дранько-Майсюк: Я вельмі рады, што звярнула ўвагу і «Купалінка». Але, на жаль, больш няма нікога. Дзе іншыя тэатральныя калектывы, якія б таксама зрабілі сваю варыяцыю «Каласоў пад сярпом тваім» ці «Ладдзі роспачы»? І мяне гэта вельмі дзівіць і, шчыра кажучы, засмучае.
Ну а мы з Аленай любім гэтага пісьменніка і будзем далей ставіць. Плюс у гэтым спектаклі не толькі жывыя акцёры, але яшчэ і цудоўныя лялькі, якія спадарыня Алена Баярава сама робіць. Яна праявіла талент не толькі шыкоўнай драматычнай актрысы, але яшчэ і мастака, які ўмее шыць лялькі, рабіць дэкарацыі, касцюмы і шмат чаго яшчэ.
Цалкам размова — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя