Уладзімір Хільмановіч: Грамадзянскія свабоды абмежавала дзяржава
2020-05-04 21:50
Міжнародныя праваабаронцы ў дакладах за сакавік–красавік 2020 года адзначаюць, што каранцінам і самаізаляцыяй дзяржавы абмяжоўваюць асабістыя свабоды грамадзян.
Пра тое, што адбываецца ў Беларусі, кажа гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Няма розніцы: каранцін – не каранцін, эпідэмія – не эпідэмія. Нашыя грамадзянскія правы гарантаваныя Канстытуцыяй дэ-юрэ, але де-факта мы не маем права ні на што. І таму зараз, калі грамадзянін, прыкладам, выйдзе ў адзіночны пікет, не парушаючы правіл знаходжання ў грамадскіх месцах, усё роўна гэта можа быць расцэнена як і да эпідміі, як несанкцыянаваны пікет, і можа карацца ў адпаведнасці не з заканадаўствам, а ў адпаведнасці з палітычнымі загадамі выканаўчай улады.
На думку праваабаронцы, трэба звяртаць увагу на тое, што з грамадзянскімі свабодамі адбываецца ў нашых суседзяў:
– Таму асаблівых зменаў наконт грамадзянскіх свабод, я лічу, не адбылося. А тое што ў такіх сітуацыях пандэміі і эпідэміі можа быць абмежаванне нейкіх грамадзянскіх свабод – гэта нармальная практыка, тое што мы бачым на прыкладзе нашых суседніх краінаў: Літвы, Латвіі, Польшчы.
Сам праваабаронца знаходзіцца ў самаізаляцыі і мала кантактуе з калегамі, сябрамі і стараецца меньш выходзіць на вуліцу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча