Убачыла свет кніга пра легендарнага Кіма Хадзеева
2020-05-27 17:23
Маем цікавую падзею! Выдалі кнігу-дакумент «Бязродны касмапаліт» Кім Хадзееў ды іншыя»
Выданне ўбачыла свет у серыі «Беларуская турэмная літаратура», якую запачаткаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Кніга ўяўляе сабой зборнік дакументаў з нагляднага вядзення Пракуратурай СССР крымінальнай справы Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага, гутаркі з Кімам Хадзеевым і артыкула пра знакавага савецкага дысідэнта.
Аўтарам уступнага слова і ўкладальнікам кнігі выступіў гісторык-даследчык Уладзімір Валодзін.
Чым вядомы Кім Хадзееў?
Філосаф і культуролаг Хадзееў у 1949 годзе, калі вучыўся ў БДУ, пасля
культпаходу на балет «Князь-возера» В. Залатарова, прыняў удзел у
публічным абмеркаванні пастаноўкі, дзе крытычна выказаўся разам з іншымі
студэнтамі пра яе эстэтычныя якасці. Гэта выклікала гнеў партыйнага
начальства. Неўзабаве яго выключылі з універсітэту, а пазней, калі
партыйная кампанія з “бязроднымі касмапалітамі” набрала абароты, быў
арыштаваны і асуджаны да зняволення. Пакаранне адбываў у Ленінградскай
спецыяльнай псіхіятрычнай бальніцы турэмнага тыпу, дзе пазнаёміўся з
іншымі палітычнымі зняволенымі, у тым ліку з Юрыем Айхенвальдам, Паўлам
Уліціным, Аляксандрам Асарканам.
Выйшаў на волю ў 1954 годзе і здолеў паступіць у Мінскі педінстытут.
Ад гэтага часу Хадзееў удзельнічае, а затым робіцца лідарам розных
нефармальных гурткоў і аб’яднанняў.
Зноў быў арыштаваны 25 студзеня 1962 года. Асуджаны за захоўванне і
распаўсюд машынапісных кніг мастацкай прозы Паўла Уліціна «Табу» і
«Анты-Асаркан» па частцы першай артыкула 67 Крымінальнага кодэкса БССР
(«Антысавецкая агітацыя і прапаганда»).
Пра Хадзеева ўзгадвае Эдуард Гарачы, на той час актор Тэатра юнага гледача:
"Это был уникальный человек, головастик, с юмором. То ли
татарский еврей, то ли еврейский татарин. Он был старше нас на 10 - 12
лет. А мы все были молодые - 20 - 22 года. <...> У Хадеева было
очень интересно. Он говорил об истории России, истории партии, истории
литературы. Хадеев не окончил же университет, его первый раз арестовали
еще студентом. Там его ждала прекрасная компания - Улитин, Асаркан,
москвичи, которые были в курсе всего - политики, литературы.
<...> Кимушка рассказывал, как повернуться, если шмонают, чтобы
что-то не заметили. <...> Я его уроки и вспоминал, когда меня
арестовали”.
Сёння на месцы двух знесеных двухпавярховікаў барачнага тыпу, у адным
з якіх, у кватэры №24, жыў пэўны час Кім Хадзееў, і куды часта
прыходзілі неардынарныя і цікавыя асобы, пабудаваны элітны дом "Времена
года".
Як будзе праходзіць прэзентацыя?
Презентацыя кнігі пра легендарнага ў свой час дысідэнта Кіма Хадзеева
адбудзецца 29 траўня ў анлайн-фармаце на платформе ZOOM. Пачатак ў 19
гадзін.
У мерапрыемстве возьмуць удзел гісторык і ўкладальнік Уладзімір Валодзін, праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў, журналіст і публіцыст Сяргей Ваганаў.
Запрашаем усіх зацікаўленых. Сумна не будзе!
Як далучыцца да мерапрыемства?
- Калі яшчэ не маеце - спампуйце Zoom на свой тэлефон ці кампутар;
- Зайдзіце на пошту viasna96@gmail.com і пакіньце свае кантакты для зваротнай сувязі, каб атрымаць спасылку для ўваходу на анлайн-прэзентацыю.
Калі вас зацікавіла кніга...
Навукова-папулярны зборнік «Бязродны касмапаліт Кім Хадзееў ды іншыя»
— 9-я кніга серыі «Беларуская турэмная літаратура». Яе ўкладальнік
гісторык Уладзімір Валодзін даследуе тэму рэпрэсій за іншадумства ў
савецкія часы і раскрывае малавядомыя дэталі пераследу прадстаўніка
мінскага андэграўнду Кіма Хадзеева (1929–2001): адлічэнне з
універсітэта, дзве крымінальныя справы 1951 і 1962 гадоў, зняволенне ў
псіхіятрычнай бальніцы. У зборніку даецца шырокі кантэкст падзей
(кампанія па барацьбе з «касмапалітызмам», самвыдат). Сярод дзейных асоб
— Павел Уліцін, Юрый Айхенвальд, Аляксандр Асаркан... Большасць
дакументаў публікуюцца ўпершыню. Падобнае навукова-папулярнае выданне
ўпершыню выйшла ў серыі «Беларуская турэмная літаратура».
PDF-версія кнігі даступная для спампоўвання на сайце Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі
Камунікат.