У Вільні праходзіць Форум Каліноўскага з удзелам Ціханоўскай
2021-03-22 16:08
Форум Каліноўскага ладзіць літоўскі Сэйм у супрацы з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.
Удзельнікі абмяркоўваюць пытаньні, як дапамагчы беларусам і вывесьці Беларусь з крызісу: як арганізаваць перамовы, міжнароднае пасярэдніцтва і паўплываць на ўлады ў Беларусі.
Акрамя Сьвятланы Ціханоўскай, у канфэрэнцыі возьмуць удзел прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, памочнік Ангелы Мэркель Матыяс Лютэнбэрг, старшыня камітэту замежных справаў Эўрапейскага парлямэнту Дэйвід Макалістэр, амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і многія іншыя.
Інгрыда Шыманіце
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце адкрыла форум, нагадваючы ўдзельнікам, што Кастусь Каліноўскі, пад чыім імем праходзіць сустрэча ў Вільні, зьяўляецца героем для трох народаў: беларускага, літоўскага і польскага. Шыманіце нагадала ўдзельнікам форуму пра падтрымку Літвы і літоўцаў беларусам, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь.
Яна таксама нагадала, што ў лістападзе 2019 году літоўцы, беларусы і палякі пад сваімі нацыянальнымі сьцягамі ўдзельнічалі ў перапахаваньні астанкаў Каліноўскага на вільнюскіх могілках Росы. «Мала хто мог паверыць, што ня пройдзе і году, як сотні тысяч беларусаў, якія патрабуюць перамен, падымуць свае сьцягі не толькі ў Менску, але і па ўсёй Беларусі, — сказала Шыманіце. — Зьмены ўжо наступілі. Людзі, чые сэрцы ўжо вольныя, ніколі больш не пагодзяцца пакорліва падпарадкоўвацца рэжыму. Дыктатар ня можа павярнуць усё назад. Застаецца адзіны шлях — шлях вольных людзей да перамогі. Для беларускага народа гэта будзе няпросты і, магчыма, няблізкі шлях».
Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская ў сваім выступе заклікала міжнародную супольнасьць дапамагчы беларусам арганізаваць перамовы зь беларускімі ўладамі:
«Нам патрэбна ваша дапамога ў наступным: арганізацыі перамоваў зь беларускімі ўладамі на міжнароднай плятформе і гатоўнасьці да фармаваньня разнастайнай групы пасярэднікаў; неадкладным спыненьні міліцэйскага гвалту і аднаўленьні справядлівасці і прыцягненьні вінаватых да адказнасьці; гарантаваньні бясьпечнага вяртаньня беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну; забесьпячэньні павагі асноўных правоў чалавека», — сказала яна.
Дэйвід Макалістэр
Старшыня камітэту замежных справаў Эўрапейскага парлямэнту Дэйвід Макалістэр запэўніў аб падтрымцы беларускага дэмакратычнага руху з боку Эўрапейскага парлямэнту на міжнароднай арэне. Ён таксама падкрэсьліў патрэбу цеснага супрацоўніцтва Эўразьвязу з ЗША і Канадай у справе дапамогі дэмакратычнаму руху ў Беларусі.
Алесь Бяляцкі
Праваабаронца Алесь Бяляцкі нагадаў удзельнікам форуму аб працы, якую выконвае Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў дакумэнтаваньні перасьледу беларусаў рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
«Нам патрэбна падтрымка нашых суседзяў, Эўразьвязу і Злучаных Штатаў», — сказаў Бяляцкі. — Мы чакаем мацнейшага, больш інтэнсіўнага ціску на беларускі рэжым. Мы таксама чакаем, што міжнародная супольнасьць будзе дамагацца вызваленьня палітвязьняў ў Беларусі».
Жузэп Бурэль
Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль падкрэсьліў у сваім кароткім выступе, што Эўразьвяз гатовы ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць беларускага рэжыму, калі ў краіне не наступяць дэмакратычныя зьмены.
«Мы цалкам перагледзелі свае адносіны зь Беларусьсю, скарацілі палітычныя кантакты і спынілі ўсялякую прамую фінансавую падтрымку цэнтральных уладаў. Мы працягваем лічыць, што сапраўдны, усёабдымны нацыянальны дыялёг — адзіны шлях наперад для забесьпячэньня мірнага ўрэгуляваньня цяперашняга крызісу. І мы гатовыя падтрымаць гэты працэс», — сказаў Бурэль.
Джулі Фішэр
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр выказала моцную падтрымку Вашынгтону для ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай прагаласаваць за перамовы паміж апазыцыяй і ўладай. Фішэр таксама заклікала беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў і сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй наконт правядзеньня справядлівых выбараў сёлета.