У Вільні адбудзецца квэст “Род князёў Агінскіх”
2025-12-05 15:25
«Род князёў Агінскіх»- квэст пад такой назвай адбудзецца ў суботу, 6 снежня, у Вільні. Ён прымеркаваны да 260-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага — дыпламата, палітыка, мецэната і аўтара легендарных паланэзаў.
Паводле арганізатаркі квэсту, гіда і магістаркі гуманітарных навук Валерыі Чарнаморцавай, жыццё Міхала Клеафаса Агінскага — гэта суцэльныя таямніцы, даследчыкі дагэтуль спрачаюцца пра дату і месца яго нараджэння.
— Ён нарадзіўся, некаторыя пішуць, што 7-га кастрычніка, насамрэч 25 верасня 1765 года ў Гузаве пад Варшавай. Ён сам пісаў у сваіх успамінах пра тое, што ён там нарадзіўся. Але як раз у гэтым годзе літоўскія даследчыкі знайшлі ў адным з касцёлаў Літвы допіс, што менавіта там яго хрысцілі на год раней, праўда, іншыя даследчыкі кажуць, што гэта немагчыма.
Падчас квэсту ўдзельнікі будуць знаходзіць мясціны, звязаныя з Агінскімі, даведуюцца пра паходжанне роду выбітных яго прадстаўнікоў, каханне і розныя авантуры ды іншае.
Удзельнікі атрымаюць сувеніры, пераможцы — падарункі.
Пасля квэста прапануецца далучыцца да вечарыны з адмысловым госцем і канцэрт-лекцыяй пра Агінскага.
Цалкам гутарка — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя