У Варшаве завяршылася выстава карцін Алеся Пушкіна
2024-04-15 14:49
14 красавіка ў Беларускай прасторы “Робім разам” Варшавы адбылося закрыццё выставы карцін вядомага ў Беларусі мастака Алеся Пушкіна. Выстава была адкрыта да Дня Волі 25 сакавіка.
Палотны ў прастору, па просьбе арганізатараў выставы, прадставілі ўладальнікі прыватных калекцый, гаворыць адна з арганізатараў мерапрыемства Ганна Аляксандрава:
– Мы вельмі радыя, што гэта выстава адбылася. Вельмі шмат людзей наведала нас, шмат знаёмстваў адбылося. Былі тыя, хто расказваў свае гісторыі пра Пушкіна. Хтосьці жыў з ім побач, хтосьці маляваў разам з ім на пленерах, хтосьці вучыўся. Алесь Пушкін вельмі цікавая постаць з розных бакоў.
Пасля заканчэння мерапрыемства адбыўся флэшмоб, дзе кожны мог на агульным стэндзе пакінуць надпісы ці малюнкі, як памяць пра свае ўражанні ад выставы. Мастак Алесь Пушкін памёр у зняволенні 11ліпеня 2023 года. Яму было 57 гадоў.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя