У Троіцкім касцёле ў Воўчыне прайшла першая служба з «польскіх часоў»
2020-11-23 16:14
Ён вядомы як месца хросту і пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Кажа ксёндз
Андрэй Бародзіч:
– Як прыйшлі сюды саветы, зламалі акно, з настаўніцай і памежнікам, прынамсі такая версія, і разрабавалі маёмасць і магілу Панятоўскага. І потым, як кажуць, яны ўзялі карону пазалочаную, срэбную, танчылі на дыскатэках. І з гэтай труны, некалькі трунаў было, адна ў адну ўкладзеная, са свінцовай рабілі вёдры, кубкі. Я сустрэў інжынера Віктара Вілька, які тады яшчэ жыў, каторы аднаўляў касцёл, то ён і яго памочнікі казалі, што чалавек з Казахстана прыйшоў, сабраў гэтыя косткі і перапахаваў дзесьці невядома дзе. Але я думаю, што гэта толькі як версія. Невядома, ці яна праўдзівая. Мне падаецца, што хутчэй няпраўда. Хацелася б, каб так было, але, я думаю, што паводле інвентару, які праходзіў у касцёле Святой Кацярыны ў Пецярбургу, там мала чаго заставалася з тых костак.
Служба прайшла пры ўдзеле іерарха каталіцкай царквы ў Беларусі, біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі.
Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў вёсцы Воўчын вядомы з 1733 года. Пасля паразы паўстання 1863-64 гадоў быў перададзены праваслаўным. Пасля Першай сусветнай вайны быў вернуты каталікам, куды ў 1938 годзе з Пецярбургу перавезлі труну з апошнім каралём Рэчы Паспалітай. З прыходам саветаў быў у заняпадзе і толькі ў 2007 годзе ў разбураным стане перададзены Пінскай дыяцэзіі каталіцкай царквы. Цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі.
Беларускае Радыё Рацыя