У Польшчы прызначаць новыя прэзідэнцкія выбары
2020-05-11 16:27
У нядзелю, 10 траўня, меліся адбыцца прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. Але яны так і не прайшлі. Не былі адкрытыя выбарчыя ўчасткі, ніхто не прысылаў бюлетэняў у паштовыя скрыні. Цяпер маршалак Сэйму Эльжбета Вітэк мае 14 дзён, каб прызначыць новы тэрмін прэзідэнцкіх выбараў.
Гэтак вырашыла Дзяржаўная выбарчая камісія. Падрабязней распавядае наш карэспандэнт з Варшавы Вітаўт Сіўчык:
– Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы не адбыліся. Дзяржаўная выбарчая камісія сцвердзіла, што 10 траўня не было магчымасці галасаваць за кандыдатаў. У сваім рашэнні камісія ацаніла, што гэты факт быў раўназначны прадугледжанай у Выбарчым кодэксе сітуацыі, калі на выбарах проста няма кандыдатаў. Старшыня камісіі Сыльвэстэр Марціняк паведаміў, што цягам 14 дзён ад публікацыі рашэння ў Дзённіку Законаў, маршалак Сейму мае час на прызначэнне новых выбараў, дадаўшы, што яны павінны адбыцца цягам 60 дзён ад даты іх абвяшчэння. Паколькі гэта будуць новыя выбары, то ўвесь перадвыбарчы працэс – рэгістрацыя выбарчых камітэтаў і кандыдатаў на прэзідэнта – мае прайсці ад пачатку. Ці будзе неабходнасць цяпер, у стане эпідэміі COVID-19 зноў збіраць 100 тысячаў подпісаў для рэгістрацыі? Верагодна, што не. Аднак старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі Сэбаст’ян Марціняк падкрэсліў – гэта залежыць ад заканадаўчай улады. Раней унесці такую папраўку ў закон аб сёлетніх выбарах прапаноўваў віцэ-старшыня партыі «Паразуменне» Марцін Ацепа.
Яшчэ ў мінулую сераду ў Польскай тэлевізіі прайшлі дэбаты з удзелам усіх кандыдатаў на прэзідэнта, у тым ліку дзейнага кіраўніка краіны Анджэя Дуды. Таго ж дня старшыня партыі «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі і старшыня партыі «Паразуменне» Яраслаў Говін, якія разам утвараюць кіроўную большасць Аб’яднанай Правіцы, выдалі агульны камунікат. У ім яны сцвердзілі, што паколькі апазіцыя адкідае ўсе канструктыўныя прапановы для таго, каб выбары адбыліся ў канстытуцыйны тэрмін, кіроўныя аб’яднанні падрыхтавалі сваё вырашэнне праблемы, а менавіта, усеагульныя выбары па пошце, але ў новы тэрмін. Тады закладалася, што выбары 10 траўня імаверна прызнае несапраўднымі Найвышэйшы суд, што і дазволіць прызначыць новыя. Камунікат выклікаў абурэнне у Найвышэйшым судзе, дзе нагадалі пра сваю незалежнасць у прыняцці рашэнняў. Раней Найвышэйшы суд апублікаваў меркаванне, што законапраект аб усеагульных карэспандэнцыйных выбарах парушае прынцып таемнага і непасрэднага галасавання, і не павінен далей разглядацца. У мінулы аўторак Сенат, які кантралюецца апазіцыяй, адкінуў законапраект. У сваю чаргу ў чацвер Сейм, які кантрулюецца кіроўнай кааліцыяй, перааадолеў вета Сенату. У пятніцу прэзідэнт Анджэй Дуда закон падпісаў.
Паводле найноўшага апытання, праведзенага працоўняй IBRIS для выдання Rzeczpospolita, калі б выбары адбыліся 10 траўня, за Анджэя Дуду прагаласавала б 45 %, на другім месцы – беспартыйны Шыман Галоўня з 19,2 %. Менавіта гэтыя кандыдаты б выйшлі ў другі тур выбараў. Трэцяе месца заняў бы старшыня Сялянскай партыі Уладыслаў Касіняк-Камыш з амаль 16,6%. Дэпутат ад Канфедэрацыі Кшыштаф Босак атрымаў бы 9%, віцэ-маршалак Сэйму ад Грамадзянскай кааліцыі Малгажата Кідава-Блоньска займела б 4,5%, еўрадэпутат ад „Лявіцы” Робэрт Бедронь – крыху больш за 2,6%. Яшчэ 3,1% апытаных не ведае, за каго б прагаласавала».
Крызіс з правядзеннем сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы звязаны з эпідэміяй COVID-19. Галасаванне на выбарчых участках палічылі небяспечным для здароўя і жыцця грамадзянаў. Міністр здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі яшчэ раз нагадаў, што найбольш бяспечны варыянт галасавання – карэспандэнцыйныя выбары.
Беларускае Радыё Рацыя, Варшава