«У органах ёсьць неабыякавыя людзі», — былы алмазавец Макар пра раскрыцьцё гучных справаў
2021-01-04 16:05
Былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмазу» Ігар Макар расказаў Свабодзе пра настроі ў сілавых структурах, магчымасьці дапамогі тым, хто звальняецца празь нязгоду, і расьсьледаваньні гучных справаў, якія могуць быць абнародаваныя ў 2021 годзе.
Былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмазу» Ігар Макар расказаў Свабодзе пра настроі ў сілавых структурах, магчымасьці дапамогі тым, хто звальняецца празь нязгоду, і расьсьледаваньні гучных справаў, якія могуць быць абнародаваныя ў 2021 годзе.
Глядзіце размову на відэа.
Мяне многія падтрымліваюць, але крыўдна, што самыя блізкія людзі выказваюць меркаваньне, што сваё падразьдзяленьне ганіць нельга. Я ня ведаю, чым я яго зганіў.
Год для супрацоўнікаў праваахоўных органаў аказаўся вельмі дрэнны і вельмі сур'ёзны. Дастаткова таго, што людзі Беларусі іх называюць карнікамі. Ёсьць шмат супрацоўнікаў, якія выконваюць злачынныя загады, праяўляюць ініцыятыву, зьбіваючы людзей, катуючы іх.
У «Беларускі народны трыбунал» піша шмат людзей, афіцэраў. Не магу гэта апублікаваць, але скажу дакладна, што героі ёсьць, і калі мы пераможам і апублікуем гэта, людзі пабачаць, што ў органах ёсьць людзі, неабыякавыя да таго, што адбываецца.
Чаму супрацоўнікі МУС, якія звольніліся праз свае перакананьні, маўчаць? Выказаны імі пункт гледжаньня можа стаць апошнім. Чалавека могуць адразу затрымаць, артыкул выбіраецца хутка. Будзе суд і турэмны тэрмін, і гэта ўсе разумеюць.
У мяне склалася вялікая база інфармацыі з таго, што мне пішуць супрацоўнікі — і пра заробкі, і пра крэдыты, і пра тое, як даюць жытло. Людзі не сыходзяць праз матэрыяльную частку і празь сямʼю.
Грамадзянская ініцыятыва «Беларускі народны трыбунал» стваралася дзеля таго, каб паказаць, што злачынствы рэжыму — гэта ня тое, што адбылося пасьля 9 жніўня, а гэта злачынствы, якія пачыналіся ў 1994–1996 гадах. Мы закранем справы зьніклых, апублікуем інфармацыю наконт выбуху ў мэтро, вернемся да выбухаў каля стэлы ў Менску і выбухаў у Віцебску, вернемся да таго, што зрабіў «Алмаз» у 2006 годзе ў ДК чыгуначнікаў супраць каманды Казуліна.
Мне дапамагаюць калегі з эўрапейскіх краінаў, мне вельмі дапамагаюць дзейныя супрацоўнікі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Мне дапамагаюць супрацоўнікі, якія звольніліся, якія ўжо ў запасе.