У «Кантэксце»— Вольга Гронская. Новы выпуск праграмы!
2021-03-10 22:29
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" працягвае свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак "Кантэкст". У кожным "Кантэксце" вас чакаюць інтэрв'ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія чытанні.
У новым выпуску вядоўцы "Кантэксту" Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака гутараць з паэткай, перакладчыцай, выкладчыцай Вольгай Гронскай.
Вольга Гронская нарадзілася 10 чэрвеня 1978 года ў г.п. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Скончыла Крывіцкую сярэднюю школу (1995), рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000) і аспірантуру пры ім (2003). У 2004 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Хранатоп прозы Інгеборг Бахман”. Выкладае сусветную літаратуру ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе курыруе таксама працу кафедральнага літаратурна-творчага аб’яднання “БУКет”.
Пераклады прозы і паэзіі розных аўтараў з’яўляліся ў часопісах “Крыніца”, “ARCHE”, у інтэрнэт-часопісе перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”. У 2012 г. удзельнічала ў дзейнасці нямецка-беларускай перакладчыцкай майстэрні.
Дэбютавала ў часопісе “Першацвет” у 1996 г. пад дзявочым прозвішчам Гурло. Публікавалася таксама пад псеўданімам Гурская (у часопісе “ARCHE”). Вершы друкаваліся ў часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, газеце “ЛіМ”, зборніку “Дар зямны”, гучалі ў праекце “Чорна-белыя вершы”. В. Гронская двойчы перамагала на “Фестывалі аднаго верша” (2011 і 2012 гг.). У 2013 выйшла першая паэтычная кніжка В. Гронскай “АдВольная міфалогія”.
Будзьце ў "Кантэксце" і не забывайце падпісвацца на наш канал!
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"