У новым выпуску вядоўцы "Кантэксту" Анатоль Івашчанка і Усевалад
Сцебурака гутараць з паэтам, перакладчыкам, эсэістам Леанідам
Дранько-Майсюком.
Леанід Дранько-Майсюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года, скончыў Давыд-Гарадоцкую СШ № 2 (1974), працаваў на Давыд-Гарадоцкім заводзе слясарна-мантажных інструментаў. У 1975 г. паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1976—1978 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Літінстытута, які скончыў у 1982 г. У гэты перыяд (у 1980 г.) пазнаёміўся з будучай жонкай, масквічкай Вольгай. У 1982—2002 гг. — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Са жніўня 2002 г. — на вольнай працы.
Дэбютаваў вершамі ў столінскай раённай газеце «Навіны Палесся» ў 1972 г., у рэспубліканскім друку ў 1975 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар 16 кніг, у тым ліку, зборнікаў паэзіі «Вандроўнік» (1983), «Над пляцам» (1986), «Тут» (вершы, паэмы, эсэ, 1990), «Проза радости» (пераклад з беларускай; М.: «Советский писатель»,1991), «Пра тое, як я…» (13 несур'ёзных апавяданняў, 1992), «Акропаль» (паэзія, эсэ, 1994), «Стомленасць Парыжам» (вершы і эсэ, 1995), «Гаспода» (выбранае «Залатая серыя» «Паэзія XX стагоддзя», 1998), «Места і свет» (вершы, 2000), «Паэтаграфічны раман» (вершы, проза, 2002), «Вершы. Каханне. Проза» (выбранае, 2003), «Белая вежа» (разам з Юрыем Кабанковым; вершы, лісты; Уладзівасток, 2004), «Цацачная крама» (кніжка для вялікіх і малых, 2008), «Анёлак і я» (апавяданне, 2009), «Кніга для спадарыні Эл» (проза, вершы, п'еса, 2012), "...Натуральны, як лінія небасхілу" (архіўная аповесць пра Максіма Танка, Мінск, "Кнігазбор", 2017), "Усе бачылі нястачу віна..." (архіўная аповесць) (2019). Асобныя вершы Л. Дранько-Майсюка пакладзены на музыку.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"