У Гародні прайшла „Міжнародная прыборка”
2020-06-08 18:29
Гэта акцыя мела свае карэктывы ў сувязі з пандэміяй Covid-19. Дзясяткі беларусаў прынялі ўдзел у індывідуальнай прыборцы ўзбярэжжа Нёмана ад смецця.
На радасць гарадзенцаў – смецця не багата, таму галоўная задача акцыі – адукацыйная, паказаць на асабістым прыкладзе іншым наведнікам узбярэжжа адносіны да дарагога кожнаму беларусу „Бацькі – Нёмана”.
Кажа каардынатар акцыі – Яўген Філімонаў:
– Прыборкай заняліся каманды ад Стаўпецкага раёна, што на Меншчыне. Канечным пунктам было месца злучэння Аўгустоўскага канала з Нёманам. Даглядчык музея выйшаў на бераг і прыбраў смецце. У межах Гародні прымала ўдзел каля дзесяці каманд. Хто на ровары, хто пешшу, хто з сям’ёй, хто з сябрамі. Каманды былі розныя, але ва ўсіх была адна мэта і аднолькавыя погляды на навакольнае асяроддзе.
Рака Нёман – найбольшая рака Гарадзеншчыны, якая мае працягласць па абшарах сучаснай Беларусі амаль 460 км. На ўсёй працягласці ракі знайшліся людзі, якія далучыліся да акцыі „Пачысці раку”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня