У ЕС патрабуюць ад Беларусі зняцця абвінавачванняў з блогера Ціханоўскага і іншых актывістаў
2020-06-11 15:45
У Еўрасаюзе прынялі да ведама высунутыя ў Беларусі абвінавачванні блогеру Сяргею Ціханоўскаму і сямі іншым актывістам і патрабуюць ад Мінска іх вызвалення, заявіў Петэр Стана, афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэпа Барэля, піша TUT.BY.
"Улічваючы беспадстаўны характар пераследу і ўтрымання ў зняволенні Ціханоўскага, мы запатрабавалі яго безумоўнага вызвалення і адмены ўсіх абвінавачванняў супраць яго і іншых асобаў", - сказаў прэс-сакратар у аўторак на брыфінгу ў Бруселі.
"Па-другое, Беларусь у цяперашні час знаходзіцца ў выбарчай кампаніі. Парламенцкія выбары ў мінулым годзе апынуліся страчанай магчымасцю правесці іх па еўрапейскім нормам. Цяпер для Беларусі вельмі важна забяспечыць захаванне фундаментальных правоў і правоў чалавека беларускага насельніцтва", - працягнуў Стана.
Але каб гэта было зроблена, па яго словах, "патрэбен іншы кантэкст", які дазволіў бы пераход Беларусі да дэмакратыі.
Прадстаўнік Барэля нагадаў пазіцыю ЕС:
"Вынікі гэтых выбараў і тое, як іх правядуць, будуць мець вырашальнае значэнне для адносінаў паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю".
Напярэдадні пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус 8 чэрвеня звярнуўся да віцэ-старшыні Еўрапейскай камісіі, Вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі, у дачыненні да дэманстрантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Нагадаем, Сяргея Ціханоўскага і яшчэ дзевяць чалавек затрымалі 29 мая ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў. Зараз па "справе Ціханоўскага" ў Мінску пад вартай таксама ўтрымліваюцца Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў.
Беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязнем і запатрабавалі ягонага вызвалення.
ПЦ "Вясна"