«Хацелі стварыць такую праграму, на якой хацелі б вучыцца самі», — кажа адна з распрацоўшчыц новай праграмы. Плануецца, што першыя два гады навучанне будзе весціся на беларускай мове, а з трэцяга курса — цалкам па-ангельску. Такім чынам, пры пэўных намаганнях, выпускнікі змогуць паехаць у магістратуры партнёраў ЕГУ і змогуць «стаць голасам Беларусі» ў свеце. У чым унікальнасць новай праграмы навучання і якія разам з тым ёсць перасцярогі наконт яе паспяховага старту? Паразмаўлялі пра гэта з адной з распрацоўшчыц праграмы.
Як адзначаецца на сайце Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, бакалаўрская праграма «Гісторыя» рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне гісторыі з тэарэтычнымі ведамі, практычнымі навыкамі і прафесійнымі кампетэнцыямі, якія адпавядаюць сучасным адукацыйным стандартам.
Праграма арыентавана на падрыхтоўку «спецыялістаў шырокай гуманітарнай адукацыі, крытычна думаючых спецыялістаў-гісторыкаў у вольным ад ідэалагічнага кантролю і ўмяшання міжнародным акадэмічным асяроддзі».
Мяркуецца, што выпускнікі «будуць гатовыя да навучання ў англамоўных магістратурах і далейшай інтэграцыі ў міжнародную акадэмічную супольнасць, будуць гатовыя да ўключэння ў дыскусіі аб ролі Беларусі і рэгіёна ў зменлівым еўрапейскім і глабальным кантэкстах».
Выйсці з пограбу і інтэгравацца ў сусветную навуку
Як зазначае адна з распрацоўшчыц праграмы «Гісторыя», з’явілася магчымасць, у тым ліку з-за вымушанай эміграцыі, сабраць сапраўды добрых адмыслоўцаў у ЕГУ для таго, каб стварыць новую і ў той жа час сучасную праграму па гісторыі.
«Калі мы пачыналі працу над гэтым, у нас было два дэвізы. Першы: стварыць такую праграму, на якой бы мы хацелі вучыцца самі. Мы ж ведаем і абмяркоўваем, чаго нам не хапіла ў свой час на гістарычных факультэтах, чаго не хапала пазней, калі мы ўжо сталі даследчыкамі. Зараз мы ўжо маем уласны досвед працы ў замежных універсітэтах і можам параўноўваць і выкарыстоўваць нейкія ідэі. Другі наш лозунг: бачу мэту, не бачу перашкод. То бок мы пастанавілі, што гэта ёсць праграма нашай мары — і таму мы можам усё. То бок не стрымлівалі сябе ў сваіх фантазіях, натуральна, у акадэмічных межах», — кажа распрацоўшчыца праграмы.
Паводле суразмоўцы, беларуская гістарычная навука ўвесь час «існавала ізалявана, у нас не працавалі фонды, не існавалі гранты, стажыроўкі, да нас не прыязджалі замежныя навукоўцы, у нас былі і ёсць закрытымі архівы». «І ёсць такое, што мы нібы вылезлі з пограба нейкага — а тут такі open space, і мы пужаемся адразу гэтай адкрытай прасторы. І мы ў прынцыпе ніяк неінтэграваныя фактычна ў гэтую глабальную навуку, — кажа яна. — Па-другое, усе мы дакладна сабе ўсведамляем, што ўсё, што існуе ў свеце пад выглядам Eastern-European and Slavic studies — гэта насамрэч рускія даследаванні, гэта «русский мир» (нават без гэтых сэнсавых адценняў, якія прыйшлі апошнім часам), фактычна, у вялікай ступені гэта русістыка. Апошнім часам вельмі шмат намаганняў прыкладаюць украінцы, вельмі магутныя высілкі — і яны зменяць гэтую сітуацыю. Яны гавораць аб дэкаланізацыі ведаў і падыходаў, думаю, што яны ў тым ліку і для нас праб’юць дарогу, калі мы зможам, канечне, за імі пайсці. Для гэтага — каб пайсці — трэба мець свае кадры».
Праграма, па задуме яе распрацоўшчыкаў, і мусіць вырашыць праблему кадраў: «Мы адкрываем пакуль толькі бакалаўрыят. Але будзе некалі і магістратура, і дактарантура, натуральна. У нашай праграме «Гісторыя» мы зрабілі так, што першыя два гады яна будзе працаваць на беларускай мове, за гэтыя два гады студэнты яшчэ і падцягваюць сваю ангельскую мову да прыстойнага ўзроўню, а з трэцяга курса навучанне пераводзіцца цалкам на ангельскую мову. Такім чынам мы атрымаем маладых спецыялістаў, якія будуць не проста ангельскую мову ведаць, а будуць умець на ёй працаваць, мець тэрміналогію, начытанасць гэтымі адмысловымі тэкстамі, і яны будуць валодаць прафесійнай мовай гісторыка. Вось такая задумка».
Да таго ж, зазначае суразмоўца, не бывае так, што «чалавек пяць ці чатыры гады сядзеў у тым пограбе, а пасля выбраўся і пайшоў сабе па ўсіх сусветных канферэнцыях». «Таму ў нас вялікая ўвага звернута якраз на кааперацыю падчас навучання. У нас ёсць сумесныя курсы з універсітэтамі-партнёрамі, акрамя праграм абмену, якія працавалі і працуюць у ЕГУ (Erasmus і OSUN), нашы студэнты ездзяць у Бард-каледж Нью-Йорка. Ёсць сумесныя курсы з універсітэтамі-партнёрамі, напрыклад, на курсах OSUN на адной анлайн-пляцоўцы збіраюцца студэнты з дзесяці, прыкладам, універсітэтаў. У мяне быў досвед выкладання ў віртуальнай інтэрнацыянальнай праграме ва ўніверсітэце Гісэна, гэты мегакрута і мегацікава. Уявіце, у цябе на курсе, напрыклад па савецкай гісторыі, вучацца студэнты з Бразіліі, з Конга, з Чэхіі, Германіі і г.д. — кожны студэнт прыходзіць не толькі са сваім бэкграундам, але і іншай оптыкай. Па такім прынцыпе ў нас будзе арганізаваны і курс у рамках нетворка Прынстана па Сусветнай гісторыі.
Падсумоўваючы задумку: нашы выпускнікі ведаюць ангельскую мову; яны не баяцца адкрытага свету; яны пры жаданні і пры пэўных намаганнях змогуць паехаць у магістратуры нашых партнёраў; яны змогуць стаць голасам Беларусі».
Што можа перашкодзіць
Распрацоўшчыкі праграмы кажуць пра свае перасцярогі. Той жа вобраз спецыяліста-гісторыка: «Універсітэт — прыватны, адукацыя — платная, сын ці дачка — гісторык, ці самы папулярны гэта трэнд для бацькоў у капіталаўкладанні? І трэба ўлічваць абставіны, у якіх зараз ЕГУ знаходзіцца, што адбываецца зараз у Беларусі, што адбываецца з візамі, адтэрміноўку ад арміі на час вучобы адмянілі ў Беларусі юнакам... Я не ведаю, ці ў прынцыпе мы набяром неабходную колькасць студэнтаў. Але намеры ў нас мегакрутыя, гэта праўда. Мы прайшлі акрэдытацыю праграмы ў Літве з рэальна высокімі адзнакамі і адкрылі набор. Але можа быць вельмі простая прычына для закрыцця — не набярэцца дастатковая колькасць студэнтаў».
Ёсць і такі момант: «Калі астатнія праграмы — інфарматыка, эканоміка, дызайн — можна рэкламаваць на ўвесь свет, то мы сабе ў гэтым, мабыць, звязалі рукі двума гадамі навучання на беларускай мове».
«Але ж гэта беларуская праграма для беларускіх студэнтаў, — падкрэслівае навукоўца. — Ды і спецыфіка праграмы: мы факусуемся на рэгіянальнай гісторыі — ад Балтыйскага да Чорнага мора. У нас, дарэчы, будуць яшчэ адмысловыя выязныя курсы — у ЕГУ ўжо ёсць такі вопыт (выязныя курсы ў Фларэнцыю, Парыж, Афіны). Мы, калі пісалі праграму, планавалі павезці ў Львоў, Гданьск і займацца тут на месцы ў Вільні. Хацелі праз гэтыя гарады паказаць, што спадчына і гісторыя ў прынцыпе не заўсёды ўпісваюцца ў нацыянальныя наратывы. Што ёсць мульцікультурная спадчына, дзе розныя нацыі могуць лічыць горад сваім, гэтыя тры гарады вельмі падыходзяць для праграмы. Зразумела, пасля пачатку вайны Львоў знік з праграмы выязных курсаў, але Львоў мае фенаменальны анлайн-архіў. Нашым партнёрам там ёсць Цэнтр гарадской гісторыі, мы запрасілі выкладчыка адтуль. Гэта будзе праца не толькі з крыніцамі архіву, але і вывучэнне таго, як ствараюцца і функцыянуюць архівы новага тыпу. У Гданьску ў нас партнёр — Музей Другой Сусветнай вайны, у Вільні мы запрасілі ў якасці партнёра чытаць гэты курс дырэктара Інстытута гісторыі Літвы Альвідаса Нікжэнтайціса. Спадзяюся, калі будуць студэнты і будзе магчымасць, то, натуральна, мы будзем супрацоўнічаць і з Віленскім універсітэтам таксама. Але гэта будзе тады, калі ў нас з’явяцца студэнты».
Пачатак навучання запланаваны на кастрычнік 2024 года. Кошт навучання (за семестр) — 1450 еўра. Больш падрабязнасцяў можна даведацца
тут.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org