У Беластоку выйшла навінка, прысвечаная Алесю Бяляцкаму
2024-12-09 20:35
У Беластоку выйшла з друку новая кніга, прысвечаная Нобелеўскаму лаўрэату прэміі міру Алесю Бяляцкаму, з назвай “За беларускае жыццё…”. Выданне прымеркаванае да 10 снежня – Дня сусветнай дэкларацыі правоў чалавека і другой гадавіны надання Нобелеўскай прэміі праваабаронцу і пісьменніку.
Як
паведамляе “Рацыя”, змест кнігі складаюць размовы Міхася Андрасюка з Алесем Бяляцкім з цыклу “Вочы ў вочы”, якія гучалі на беларускім Радыё Рацыя, успаміны Алеся Бяляцкага пра музей Максіма Багдановіча, якія таксама друкаваліся на сайце Racyja.com, інтэрв’ю Алеся Бяляцкага, якія гучалі ў эфіры радыё, Нобелеўская прамова, якую зачытвала жонка лаўрэата Наталля Пінчук, апошняе слова Бяляцкага на палітычным карным працэсе і ягоныя лісты з савецкага войска, якія друкуюцца ўпершыню.
Выданне багата аформленае рэдкімі фотаздымкамі розных гадоў, некаторыя з якіх таксама публікуюцца ўпершыню.
Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы супольнай працы трох беластоцкіх структураў: Беларускага Радыё Рацыя, тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” і Цэнтра Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь.
Таксама ў межах выдавецкай серыі “Кнігі бяз літар” каманда Kamunikat.org выдала аўдыяверсію кнігі
“Халоднае крыло Радзімы” Алеся Бяляцкага.
Эсэ, інтэрв’ю, занатоўкі, створаныя ў тым ліку і падчас свайго папярэдняга зняволення ў бабруйскай калоніі. Галоўная тэма кнігі — успаміны аўтара пра дзяцінства, горад юнацтва Светлагорск, вучобу ў Гомельскім універсітэце, пра канспіратыўную дзейнасць у 80-я гады, першых сяброў і аднадумцаў.