Творца, які шукае сэнсу жыцця
2020-05-19 20:27
“Творца, які шукае сэнсу жыцця, і ў пошуках выходзіць па-за простае апісанне рэчаіснасці,” – так пра творчасць Яна Чыквіна піша прафесар каталіцкага люблінскага універсітэта Бэата Сівэк.
18 траўня старшыні літаратурнага аб’яднання “Белавежа” Яну Чыквіну споўнілася 80 гадоў. Ян Чыквін – паэт, празаік, перакладчык, даследчык рускай і беларускай літаратур, сябра Саюзу польскіх пісьменнікаў і ганаровы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пачынаў свой творчы шлях на старонках „Нівы” ў 1957 годзе.
Гавораць сябры літаратурнага аб’яднання „Белавежа” Міхал Андрасюк і Міра Лукша.
Міра Лукша: Стаў вядомым паэтам і літаратуразнаўцам, рэдактарам, выдаўцом. Ён дэбютаваў у 1957 годзе як празаік. А яго чарговая кніга, нядаўняя, – выдатная проза, зборнік апавяданняў „Трохкрылыя птушкі”.
Міхал Андрасюк: У Яна Чыквіна свой паэтычны стыль. Ян Чыквін для мяне – гэта перадусім літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”. Старшынюе ён гэтай арганізацыяй ужо шмат гадоў і часам я маю ўражанне, што менавіта толькі дзякуй яго працы, яго напрузе арганізацыя яшчэ трымаецца.
Прафесар Ян Чыквін таксама рэдактар штогодніка „Тэрмапілы”, паэт, які выдаў 11 зборнікаў вершаў. У 2019 годзе выйшла кніга яго прозы „Трохкрылыя птушкі”. Жыве ў Бельску-Падляшскім. Віншуем з юбілеем!
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Міры Лукшы