- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аказваецца, у нашай краіне дзейнічае сапраўдны Супраціў, які налічвае тысячы ўдзельнікаў. Гэтая нідзе не зарэгістраваная суполка змагаецца супраць прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Фактычна пра гэта распавёў на прэсавай канферэнцыі старшыня дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў. Сярод шматлікіх праціўнікаў прыватызацыі ён найперш назваў "дырэктараў прадпрыемстваў, якіх падтрымліваюць мясцовыя органы ўлады, кіраўніцтва міністэрстваў і ведамстваў". Сітуацыя вельмі простая. Багата хто з цяперашніх дырэктараў прадпрыемстваў някепска ўладкаваліся на сваіх месцах. Па сутнасці, гэтая публіка павінна забяспечваць толькі выкананне паказчыкаў па валу, а вось прыбыткі і рэнтабельнасць іх хвалююць у значна меншай ступені, бо ўсе прызвычаіліся да таго, што прадпрыемства, нават калі з'яўляецца стратным, можа існаваць за кошт дзяржпадтрымкі. Выдатная сітуацыя для дырэктараў: яны кіруюць, па вялікім рахунку, не адказваючы за вынікі, да таго ж звычайна "не крыўдзячы" і ўласную кішэню. У тым ліку дзякуючы той самай дзяржпадтрымцы, якая стварае ўрадлівую глебу для карупцыі.